Цюнінг для “хаткі Напалеона”, або Куды падзеўся эксклюзіўны абаранак?
Калі адкрыць Вікіпедыю, дык пра паходжанне назвы горада Смаргонь можна даведацца шмат цікавага. Мне бліжэй версія, згодна з якой у даўніну частка мясцовых жыхароў называлася “смарагоны” (“смургонi”), гэта значыць тыя, што гналі дзёгаць з выкарчаваных пры распрацоўцы участкаў пнёў. Да дзёгцю я стаўлюся з велізарным піетэтам, але большае захапленне выклікаюць абаранкі. З гарбатай я магу іх спажыць да 20 штук за раз — у залежнасці ад памеру. У прынцыпе, на радзіму абаранкаў, якой лічыцца Смаргонь, я і накіраваўся перш за ўсё з-за таго, каб у гэтым сакральным для ўсіх аматараў названага далікатэсу месцы аддаць належнае смакавым якасцям прадукту. Жарт. Галоўная прычына была ў тым, каб уварвацца ў святая святых шэрагу ўстаноў культуры горада разам з вядомым чалавекам, які тут нарадзіўся. Як звычайна, у рамках нашай рубрыкі мы планавалі прайсціся настальгіяй па некалькіх установах, якія наш герой наведваў у сваім дзяцінстве/юнацтве....