Карысць бурбалак
Сёння мы працягваем гаворку пра культуру Дзятлаўшчыны. Калі вы памятаеце, яна пачалася з таго, што ў раёне максімальна выкарыстоўваецца любы рэзерв для выканання немалога плана па аказанні платных паслуг. Ёсць у аддзела, аказваецца, не толькі батуты, але і электронны цір. Спрабавалі работнікі культуры набыць у пазабюджэтны дадатак абсталяванне для надзімання шарыкаў геліем і для вырабу поп-корна. Але, прагназуючы камерцыйную сітуацыю, высветлілі, што тэхнагляд пры такім раскладзе жыць спакойна ўстановам культуры не дазволіць. Прыватніку, як паказвае практыка, тут разварочвацца прасцей: патрабаванняў і забарон менш. Мы з гэтым, дарэчы, пад час аўтатураў пастаянна сутыкаемся… Можна бясконца разважаць пра ганебнасць залішняй камерцыялізацыі і яе залатую сярэдзіну ў дзейнасці клубаў, бібліятэк ды музеяў. Ясна адно: калі раёну даведзены план, значна павялічаны ў параўнанні з леташнім, яго, як ні круці, неабходна выконваць. Працоўную дысцыпліну, прынамсі, ніхто не адмяняў. Дык вось, план пазабюджэту на Дзятлаўшчыне выконваецца, як нам падаецца, з максімальным стараннем. Але гаворка ў артыкуле — не толькі пра гэта…