Адгукалася ў душах…
Мінулы год быў адзначаны круглымі датамі, якія справілі гурты “Стары Ольса”, “Сцяна”, “Нейра дзюбель”, “Naka”... 20 гадоў споўнілася і калектыву, які досыць доўга насіў ганаровае званне айчыннага гурта № 1. (Пасля “Песняроў” такі статус усплываў адносна айчынных калектываў хіба пару разоў.) Амаль чатыры гады таму ў ім адбыўся гучны раскол — быў “звольнены” фронтмэн. Маса слоў “з нагоды” сказана трыма астатнімі музыкантамі гурта, колішні ж лідар пераважна адмоўчваўся. Мы паспрабавалі разгаварыць яго. Адзінае, што інтэрв’ю затрымалася ў запасе рэдакцыі амаль на паўгода. Неяк не мелі канкрэтнай нагоды для яго публікацыі, а да "круглай даты" калектыву выйсці яно не паспела. Ды нядаўна герою гэтай публікацыі задалі пытанне калегі з партала "Tuzin.fm": ці існуе верагоднасць такой сітуацыі, калі гурт можа сабрацца разам. І наш візаві адказаў: “Мусіць адбыцца такая рэч, дзеля якой нельга не сабрацца. Як, напрыклад, дапамога цяжкахвораму чалавеку”. І неяк усцешыў такі адказ. Бо яшчэ паўгода таму рыторыка абодвух бакоў канфлікту была іншай. Ды пачалі размову мы з тэмы, не датычнай той спрэчнай сітуацыі, а хутчэй з акцэнтаў, якія постфактум спрабуем расставіць да таго часу, калі гурт "N.R.M." (пра яго гаворка) быў квартэтам, а таксама з пытанняў, датычных культуры наогул.