Архіў сведкі біенале
“Усе лёсы свету” — дэвіз сёлетняга Венецыянскага біенале, абвешчаны ягоным куратарам Окві Энвезарам, прывёў многіх куратараў свету да стварэння экспазіцый, якія апелююць да асэнсавання мінулага сваіх краін. Нацыянальныя павільёны Эстоніі, Літвы, Азербайджана, асобная выстаўка расіяніна Грышы Брускіна, да прыкладу, звярталіся да ўсведамлення савецкай гісторыі, у прыватнасці, траўматычнасці апошняй для пакаленняў і асобнага чалавека. Надзвычай актуальнай была тэма лакальнай ідэнтычнасці: як усведамляюць, перажываюць яе розныя краіны, на якой ідэйнай платформе. У гэтым кантэксце можна згадаць павільёны Філіпінаў, Манголіі, Люксембурга… Адзначу, што ў свой адзіны выхадны ў Венецыі мне давялося наведаць, так бы мовіць, з тузін нетытульных павільёнаў і незалежных выставак паралельнай праграмы. З той простай прычыны, што яны працавалі ў панядзелак, калі была зачынена, на жаль, і асноўная экспазіцыя пад куратарствам спадара Энвезара. Тым не менш, нават гэты невялікі “ўлоў” уражанняў дазволіў убачыць беларускі праект у глабальным кантэксце.