Акадэміст, які спявае эстраду
Дзесяць гадоў плённай працы на прафесійнай сцэне, прызнанне гледачоў і павага з боку калег-прафесіяналаў — такі паслужны спіс мае саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар ЗАДАРОЖНЫ. У яго асобе наша эстрада набыла прадаўжальніка выканальніцкіх традыцый, закладзеных некалі незабыўнымі спевакамі Эдуардам Міцулем, Віктарам Вуячычам, Анатолем Падгайскім, Яраславам Еўдакімавым... І справа не толькі ў тым, што Ігар мае такі ж моцны ды тэмбральна багаты барытон — голас, які цяпер так рэдка сустрэнеш сярод эстрадных спевакоў. Задарожны валодае высокай выканальніцкай культурай. У ім ёсць харызма, што праяўляецца ў выдатных манерах, у патрабавальным гусце да сцэнічных паводзін і рэпертуару, у тым выключным арыстакратызме, які беспамылкова адчуваецца ў маім героі адразу ж.
А Ігар Задарожны яшчэ і кампазітар, музыкант-мультыінструменталіст (скажам, адзіны ў рэспубліцы грае на хрустальных бакалах), ён валодае цыркавымі рамёствамі, выдатна танчыць і нават адбівае стэп. Словам, у мастацтве — чалавек невыпадковы. Але менавіта ў вакальную прафесію прыйшоў не адразу.