Сям'я, бацькі ды веды
— Чалавек, як вядома, нараджаецца ў культуры, у пэўным культурным кантэксце. Таму, зразумела, у мяне ці для мяне культура пачалася з сям’і, з маіх бацькоў. Што да беларушчыны, дык яна пачалася не з бацькоў (у нашай сям’і размаўлялі па-руску), а з ведаў. Калі я паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дык нават тады, у тыя савецкія часы, там давалі вельмі багата ведаў. Менавіта яны, а таксама тыя людзі, з якімі я разам навучалася, і далі мне магчымасць зразумець, што беларусы — гэта народ, які адрозніваецца ад іншых, што ў нас ёсць свая гісторыя, культура, мова…