Гомельскі "пілот" "Алфавіта"
Сучаснае беларускае мастацтва паволі пачынае прамаўляць свае пазіцыі ў беларускай культурнай прасторы. Гаворка — не толькі пра сталіцу, а і пра рэгіёны, калі “асобна ўзятыя” праекты заўзятараў пачынаюць паварочваць “цяжкі карабель” нашага ўспрыняцця ў новым напрамку. “Алфавіт” — выстаўка сучаснага беларускага мастацтва, якая прайшла ў Гомельскай карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі, — той самы прыклад, калі, нарэшце, “у нас пачынае адбывацца штосьці не толькі ў цэнтры”. Праект, створаны мастакамі Міхаілам ГУЛІНЫМ, Таццянай КАНДРАЦЕНКА і тэарэтыкамі Ганнай САМАРСКАЙ і Вольгай РЫБЧЫНСКАЙ, быў падтрыманы гомельскай галерэяй па многіх пытаннях і стаўся своеасаблівым “пілотам”, які выявіў магчымасці размовы пра актуальнае мастацтва ў рэгіянальным кантэксце. “Пілот”, да слова, атрымаўся паспяховым, і “Алфавіт” у бліжэйшыя часы мае выправіцца ў іншыя абласныя цэнтры з мэтай наблізіць беларускае сучаснае мастацтва да гледача. Падвесці пэўныя вынікі выстаўкі, а таксама паразважаць пра тое, якой мусіць быць сёння размова пра сучаснае мастацтва, “К” і запрасіла куратарскую групу праекта, што падзялілася сваім досведам.