Тэатр на DVD? Спажыўца яму знайдзі...
Штуршком да напісання матэрыялу сталася самая побытавая з’ява: у крамах і кіёсках “Белсаюздруку” з’явілася серыя часопісаў з кампакт-дыскамі, дзе паслядоўна прэзентуюцца лепшыя балеты Вялікага тэатра ў Маскве ды іншых сцэн былога СССР 30 — 40 гадовай даўніны. Такі цыкл — не адзіны, бо раней з’яўляліся і аўтамабілі, і насякомыя, таксама з асветніцкім дадаткам, і такая “калялітаратурная” серыя, як “Дамы эпохі”, прысвечаная гераіням сусветнавядомых твораў (пагодзімся, далёка не ўсе з пакупнікоў цікавяцца самімі гэтымі творамі). Хутчэй — лялькамі, прыгожа апранутымі ў строі розных эпох. Такім чынам, паступова запаўняецца ніша, на якую маглі б прэтэндаваць і беларускія выдаўцы, распаўсюджваючы нацыянальнае мастацтва. Іншымі словамі, узнікаюць думкі не толькі пра тое, ці маглі б існаваць лялечныя выявы гераінь беларускай класікі, але і ўласна пра балет, а за ім — і пра музыку, іншыя віды мастацтваў. Бо такія серыі разлічаны не адно на аматараў культуры, але і на тых, кім рухае дух калекцыянавання: набыўшы адзін-два асобнікі потым справай гонару становіцца скласці калекцыю цалкам. Сёння працоўныя запісы спектакляў, канцэртаў і іншых праектаў робяць практычна ўсе калектывы, салісты і творцы. Пераважна — для ўнутранага карыстання, каб потым іх перагледзець, зірнуць з боку, папрацаваць над памылкамі, а пры ўдалым выніку зрабіць наклад (звычайна за ўласны кошт), распаўсюджваючы яго ці праз выдавецтва, ці, часцей, у якасці падарункаў.