Сімбіёзна-пераходнае...
Сапраўднай “фішкай” сёлетняга “ТэАРТ”а сталася не толькі пашыраная беларуская праграма, але і, галоўнае, вельмі разгорнутая палітра спектакляў “новай драмы”, а таксама разнастайных мікстаў з выкарыстаннем элементаў апошняй. Яшчэ адзін цікавы блок склалі спектаклі, так бы мовіць, на мяжы з мюзіклам. А дакладней — з асэнсавана вельмі значным музычным складнікам, які ў пэўныя моманты ўвогуле выходзіць на першы план. Ну а самай, бадай, распаўсюджанай тэмай сталі... бацькі і дзеці — амаль паводле Тургенева. Гэтае сутыкненне пакаленняў прасочвалася абсалютна ва ўсіх спектаклях, бо выяўлялася не толькі на побытава-сямейным узроўні, але і пры спалучэнні розных эпох, пашыраючыся да ўзроўню “прапрапра...дзеды і ўнукі”. І ахоплівала як тэматыку, так і стылістыку, супрацьпастаўляючы ўласна тэатр з эксперыментальнымі выхадамі на перформанс, “чытку п’есы”, “хатні паказ для блізкіх і родных”, “інтэрнэт-абмеркаванне”, музейную экспазіцыю.