Кардыяграма прэстыжу
Тыдзень таму ў Брэсце скончыўся 18-ы Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Ён сабраў 22 калектывы з 13 краін, у тым ліку Азербайджана, Арменіі, Егіпта, Ізраіля, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Чэхіі, Швецыі, Японіі. За восем фестывальных дзён адбылося ажно 17 майстар-класаў і, галоўнае, — 22 спектаклі (не толькі драматычныя, але і пластычныя, лялечныя, а таксама вулічныя). Яны паказваліся ажно на пяці пляцоўках, іх паглядзела больш як восем тысяч гледачоў.
Жанравая палітра фестывальных паказаў была папраўдзе вельмі размаітай. Але гледачы ад гэтага зусім не разгубіліся: кожны знайшоў тое, што яму па душы. Тым больш, на некаторыя прагляды — вулічныя, на плошчы — білет не патрабаваўся. Дый залы, мяркуючы ўжо па хуткім продажы білетаў, не пуставалі.