Ці ёсць патрэба ў прэміі для айчынных дызайнераў?
Прывабнасць той або іншай творчай прафесіі вызначаецца не ў апошнюю чаргу ўзроўнем яе прэстыжнасці ў вачах грамадства. Творчасць, зразумела, — найпершая справа, але творца наўрад ці адмовіцца ад таго, каб у біяграфічным даведніку каля ягонага імя былі згадкі кшталту “заслужаны”, “народны”, “лаўрэат прэміі”. Тым больш, што афіцыйнае ўганараванне мае і матэрыяльны эквівалент. Свая іерархія званняў ды прэмій ёсць ва ўсіх галінах творчасці за выключэннем… дызайну. І гэта дзіўна, бо роля апошняга ў фарміраванні матэрыяльнага асяроддзя, а значыць, ладу жыцця, — надзвычайная. Наведаўшы не так даўно выстаўку твораў літоўскага дызайну, адзначаных нацыянальнай прэміяй гэтай краіны (“К” пісала пра тую выстаўку), людзі міжволі задумваюцца: чаму такой прэміі не існуе ў нас? Мо няма за што даваць? А мо нашы дызайнеры — людзі такія сціплыя і да знакаў пашаны абыякавыя, што не хочуць быць лаўрэатамі? Па каментарый мы звярнуліся да спецыялістаў.