Шматгалосы дыялог
Так, дыялог быў не рознагалосы (хоць і чуліся ў яго гучанні самыя розныя акцэнты), а менавіта шматгалосы і для кожнага надзённы, доўгачаканы ды зразумелы. 20 — 21 чэрвеня ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску праходзіла XXVIII пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўнікі і супрацоўнікі міністэрстваў культуры Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны, прадстаўнікі Міжнароднага Дэльфійскага камітэта і Выканаўчага камітэта СНД. Удзельнікі пасяджэння не толькі наведалі замкі ў Міры ды Нясвіжы, але і абмеркавалі шэраг неадкладных пытанняў, звязаных з далейшым умацаваннем міжнародных культурных стасункаў.