"Шчаўкунок": "яшчэ адна" цяпер упоравень з іншымі?
У красавіцкай афішы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі — ніводнага “Шчаўкунка”. А ў апошнія дні сакавіка іх было ажно тры. І ўсе — прэм’ерныя. Каб новае прачытанне музыкі Чайкоўскага і казкі Гофмана гледачы не блыталі з ранейшай версіяй Валянціна Елізар’ева, пастаўленай у нас у 1982 годзе, цяперашні спектакль нават называецца інакш — “Шчаўкунок, ці Яшчэ адна калядная гісторыя...”. Яшчэ адна — значыць, чарговая? Адна з многіх? Здаецца, гэтыя словы сталі сімвалічнымі...