“Начальнік аддзела” — катэгорыя жаночага роду
Пад час жаночага свята гаворка пойдзе не проста пра начальнікаў аддзелаў культуры, а, натуральна, — пра іх лепшых прадстаўніц, пра прыгожы пол. Усё слушна: наша рэгіянальная культура працэнтаў на 80 — 90 прадстаўлена менавіта жанчынамі. Прыкладна такія ж “гендэрныя” суадносіны — і ў асяродку кіраўнікоў раённых аддзелаў культуры.
І трэба яшчэ разабрацца, які пол — самы моцны ў вырашэнні будаўніча-рамонтных пытанняў, наладжванні кадравай палітыкі і ўрэгуляванні канцэртна-дыскатэчнай, скажам, дзейнасці. Там дзе мужчына ад чарады бясконцых клопатаў увойдзе ў цэйтнот і ў перадінфарктным стане схопіцца за валідол, жанчына спакойна і мэтанакіравана, не губляючы шарму ды прывабнасці, “падштурхне” “культурны воз” далей.
Ці варта даводзіць, што крыецца за гэтым “спакойна”? А трэба ж яшчэ раз-пораз дома з’явіцца, усміхнуцца, яшчэ раз уразіць прыгажосцю і пяшчотай, нагадаць спакваля і без дакору, што ты — маці і жонка, што ты — жанчына, ад якой залежыць маральна-духоўны клімат не толькі ў сям’і, але і ў раёне. І дарэчнай з гэтай нагоды гучыць прапанова-жарт адной добрай знаёмай: калі і ўзнікне калі-небудзь помнік жанчыне — работніку культуры, дык гэта будзе помнік ейнаму мужу, які не проста трывае, а — разумее, падтрымлівае, “забяспечвае тылы”, варыць боршч, выхоўвае дзяцей і з кветкамі чакае сваю адзіную ды непаўторную..
Вось такая “марфалогія” слова “культура”. Вось такая яе родавая катэгорыя. Вось такое прызнанне ў любові тым, хто штодня ўпрыгожвае наша будзённае жыццё. Дадам толькі, што дадзены матэрыял, каб не абмежаваная газетная плошча, заканчэння не меў бы...
Далей