“Гатоўнасць аддаць сябе іншым...“
Светлыя дні Ражджаства Хрыстова з’яўляюцца важным часам для культурнага жыцця краіны. 10 студзеня ў сталічным Палацы Рэспублікі з удзелам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. У традыцыйна ўрачыстай і цёплай атмасферы святочнай сцэны Палаца Рэспублікі на адрас лаўрэатаў — артыстаў і мастакоў, музыкантаў і навукоўцаў, прадстаўнікоў духавенства і ўрачоў — гучалі словы падзякі за ўнёсак у культурны складнік Бацькаўшчыны, у развіццё духоўнасці, сацыяльнай сферы. Сімвалічна, што гэтым днём гасцей і ўдзельнікаў цырымоніі віталі на лесвіцах унутры Палаца Рэспублікі маленькія анёлы Любові і Дабрыні — сімвалы вялікага свята і, спадзяёмся, усяго надышоўшага года, абвешчанага ў нашай краіне Годам кнігі.