Попыт —велізарны, а прапаноў мала
Насельніцтва Краснапольскага раёна пасля красавіка 1986-га зменшылася ледзь не напалову і склала 11 тысяч чалавек. Па вядомых прычынах “скасаваць” давялося шэраг сацыякультурных аб’ектаў, у тым ліку 16 клубаў, 18 бібліятэк… Але насельнікі рэгіёна не любяць згадваць часіны пакутлівага вагання: адсяліцца на новае месца жыхарства або застацца на Бацькаўшчыне. Тыя, хто засталіся, зрабілі многае для таго, каб раён жыў і працаваў у нармальным стваральным рытме. У дзень майго прыезду Краснапольшчына “прымала” абласны семінар па развіцці жывёлагадоўлі. “Прывязка” Краснаполля да мерапрыемства — больш чым яскравы доказ, што раён даўно і арганізавана перайшоў ад стадыі “выжываць” на ўзровень “жыць”. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік знайшоў час, каб дэталёва агледзець не толькі фермы і палеткі, але і Маладзёжны цэнтр “Міраж”, якім сёлета папоўнілася сетка ўстаноў культуры Краснапольшчыны. Агледзеў і застаўся задаволены: яшчэ некалькі гадоў таму гэты будынак колішняй крамы “Дзіцячы свет” пазіраў на адну з цэнтральных вуліц гарпасёлка выбітымі шыбамі занядбанасці. “К” была тут апошнім разам у 2008-м. А сёлета старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Вятошкін заўважыў мне: “Калі б газета ваша ў нас часцей бывала, дык мо і станоўчых змен у культуры Краснапольшчыны было б больш”. У гэтых словах кіраўніка — і павага да выдання, і цвярозае ўсведамленне таго, што беспраблемнай сферу мясцовай культуры ніяк не назавеш: леташні план па аказанні платных паслуг не выкананы, кадраў хранічна не хапае, будынак Цэнтральнай бібліятэкі знаходзіцца ледзь не ў аварыйным стане, а краязнаўчы музей даўно патрабуе рамонту і якаснага абнаўлення экспазіцыі. У абмеркаванні праблемных пытанняў і шляхоў іх перспектыўнага вырашэння прынялі ўдзел намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Тамара КАВАЛЕНКА і начальнік мясцовага аддзела культуры Алена РАМАНЕНКА. Варта дадаць, што абедзве — ураджэнкі раёна. Першая за доўгія гады райвыканкамаўскай дзейнасці пачувае сябе ў “кантэксце” рэгіянальнага сацыякультбыту, нібы рыба ў вадзе. Другая адпрацавала на названай пасадзе год, але канкрэтнымі справамі паспела заслужыць “права голасу”.
Далей