ФАКУЛЬТЭТ ЭКРАННЫХ МАСТАЦТВАЎ: СТАЎКА НА ЗАПАТРАБАВАНАСЦЬ
5 красавіка 2010 года мае шанц стаць знамянальнай датай у гісторыі айчыннага кіно: у гэты дзень у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрываецца новы факультэт — экранных мастацтваў, які, паводле задумы, павінен стаць галоўнай крыніцай творчых кадраў для нацыянальнай кінаі тэлеіндустрыі. Адкрыццё такой установы наспела даўно: у Беларусі дасюль не было адзінага вучэбна-навуковага цэнтра, падобнага на маскоўскі ВГИК, Лодзінскую кінашколу, Пражскую FAMU. Амаль 70 гадоў патрэбу беларускага кіно ў рэжысёрах, аператарах, драматургах, іншых творцах задавальнялі профільныя вучэбныя ўстановы Масквы і Ленінграда. У 1990-х спецыялістаў сферы кіно і тэлебачання пачалі рыхтаваць і ў незалежнай Беларусі. З тых часоў адукацыя вядзецца на асобных кафедрах Акадэміі мастацтваў. Сёлета іх высілкі будуць аб’яднаны на адзіным факультэце, што павінна перавесці айчынную кінаадукацыю на якасна новы ўзровень. А ў перспектыве — і сам нацыянальны кінематограф. У Акадэміі мастацтваў адбыўся “круглы стол” газеты “Культура” з удзелам непасрэдных арганізатараў стварэння новага факультэта, дзе былі абмеркаваны надзённыя праблемы кінаадукацыі. У пасяджэнні прынялі ўдзел Рычард СМОЛЬСКІ — рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Лідзія БЯРОЗКІНА — прарэктар па вучэбнай рабоце, Уладзімір МІШЧАНЧУК — дэкан тэатральнага факультэта, Уладзімір ЗАБЭЛА — выконваючы абавязкі дэкана факультэта экранных мастацтваў, загадчык кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання, Міхаіл ЖДАНОЎСКІ — кінарэжысёр, прафесар кафедры кіно і тэлебачання, Андрэй ЧУПРЫНСКІ — дацэнт кафедры аператарскага мастацтва кіно і тэлебачання, Андрэй ВАСІЛЕЎСКІ — дырэктар Тэатра-студыі імя Е.Міровіча, журналіст газеты “Культура”, кінакрытык Антон СІДАРЭНКА. Праблемнае поле гутаркі натуральным чынам вылучыла найбольш актуальныя пытанні падрыхтоўкі кадраў для кінаіндустрыі, таму кожны з падраздзелаў “круглага стала” ўключае ў сябе бачанне таго ці іншага накірунку развіцця экраннага мастацтва яго прафесіяналамі.
Далей