Ліцэнзія на… прафесійнасць
Да начальніка аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіла Зайцава ў пазамінулы чацвер завітала з вёскі Лучын дырэктар тамтэйшага сельскага клуба Надзея Борыкава, прывезла справаздачу: за квартал установа зарабіла 2 мільёны 100 тысяч рублёў пазабюджэтных сродкаў. Мы разгаварыліся. Высветлілася, што сёлета Лучынскі СК павінен атрымаць ад аказання платных паслуг аж 8 мільёнаў рублёў. Па словах Надзеі Аляксееўны, мэта хоць і “завоблачная”, але дасягальная. Як сцвярджае дырэктар СК, дасягальная яна таму, што ў аддзеле культуры назапашаны немалы досвед па платным выкананні сацыяльна-творчых заказаў, а “завоблачная”, бо вымагае ў ажыццяўленні максімальнай аддачы арганізацыйных і творчых сіл. У вёсцы, маўляў, 700 жыхароў, пенсіянераў более, моладзь з’язджае, а план паслуг для клуба пры такой дэмаграфіі штогод павялічваецца. Маўляў, ці не прыйшоў час для пэўных карэкціровак? Надзвычай карысным падалося тое, што ў мясцовых культработнікаў ёсць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні пазабюджэтнай дзейнасці платных паслуг. Хапае і слушных прапаноў па “насычэнні” канцэпцыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” (2011 — 2015 гг.) практычнай канкрэтыкай. Прытым, што згаданы аддзел культуры па рэалізацыі сацыяльных стандартаў мае адзін з неблагіх паказчыкаў на Гомельшчыне, хапае тут, безумоўна, істотных праблем, прадуманае і ўзважанае вырашэнне якіх наўпрост паўплывае на ступень эканамічнай самастойнасці рэгіянальнай культуры.
Далей