“Маршрут па азімуце” Караткевіча
Канстанцін СЕЛІХАНАЎ і Алег ВАРВАШЭНЯ — мастакі вядомыя ў нашай краіне. Сэнс сваёй працы яны бачаць у развіцці сучаснага грамадска-духоўнага працэсу, у пошуках новых форм, яму адэкватных. Іхні шлях у творчасці не параўнаць з прагулкай па горадзе — хутчэй, гэта “маршрут па азімуце”, што не так часта выводзіць на ўжо пратаптаныя сцяжынкі. Але затое ў час гэтых падарожжаў яны назіраюць такія карціны, якія ніколі не бачны са шматлюдных трас. Дастаткова ўспомніць хаця б вядомыя скульптурныя серыі Селіханава — “Гісторыя аднаго міфа”, “Праект”, “Знакі свету”, альбо кампазіцыі Варвашэні — “Нёман і Прыпяць”, “Сон”, “Свабода”, “Мой сусед”, каб зразумець, што ўсе пошукі звязаны з уменнем мысліць і разважаць далёка не спрошчанымі і не стэрэатыпнымі кампазіцыйнымі і пластычнымі катэгорыямі. Сёння ў майстэрні гэтых хлопцаў я знайшоў яшчэ адзін доказ маёй думкі: убачыў, як Селіханаў творыць вялікую серыю “Атланты” (пра месца Асобы сярод сабе падобных), а Варвашэня — цыкл ню, дзе яму, па ягоных словах, важна паказаць не што ён адлюстроўвае, а — як. Я хацеў бы ўдакладніць: мабыць, важна нават не столькі “як”, а — “хто” ёсць стваральнік новай рэальнасці.
Далей