“Уся Хатынь гарэла...”
Відаць, кожны, хто хоць аднойчы пабываў на мемарыяльным комплексе “Хатынь”, не забудзе гэтай цішыні, дзе толькі звон раз у паўхвіліны не парушае яе, а нагадвае. Звон сярод цішыні, мармуру і апошняга сакавіцкага снегу, у якія, бы на паперу, запісана-запомнена рукамі стваральнікаў мемарыяльнага комплексу і Памяццю народа трагедыя гэтай — адной з соцень знішчаных у гады вайны — вёскі.
Ці можа і сёння так жа востра балець гэтая Памяць? Можа, калі і праз дзесяцігоддзі словы сведчанняў гучаць выракам нелюдзям… Можа, калі не прыпыняецца ланцужок, па якім перадаецца — ужо генетычна — страшнае полымя Хатыні… Можа, калі мы вяртаемся зноў і зноў у 22 сакавіка 1943 года…