Натуральная гаспадарка Сашы Варламава
Біяграфія Сашы Варламава ўражвае не менш за жыццяпіс сучасных нешматлікіх геніяў-працаголікаў — Карла Лагерфельда, Валянціна Елізар’ева, Міхаіла Фінберга. Імя Сашы стала стопрацэнтным брэндам, але сёння гутарка не пра яго асобу, а — пра яго праекты і дасягненні рэспубліканскай значнасці, якія, канешне, неадлучныя ад яго поглядаў, мыслення і ўпартага характару. Саша не заўсёды займаўся модай, пра што нагадваюць харэаграфія, яго 70 навуковых артыкулаў у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, стварэнне музея беларускага прыкладнога мастацтва ў колішнім Інстытуце культуры ў 1980-х…
Але сёння Саша Варламаў асацыіруецца выключна з беларускай модай, што стала вынікам значнага ўнёску ў развіццё гэтай сферы. І развіццё — праз новыя імёны маладых дызайнераў, фотамастакоў, мадэлей. Для іх ён спрабуе “прабіваць” шлях да абранай прафесіі, дзе мала аднаго толькі жадання. Хто скажа, якія невырашальныя праблемы “разруліў” Варламаў, каб стварыць куток адзення ад маладых дызайнераў “Млына моды” ў сталічным універмагу “Гандлёвы дом на Нямізе”? Кажуць, што і Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1476 аб першачарговых мерах па развіцці маладзёжнай моды ў Рэспубліцы Беларусь — таксама плён высілкаў Сашы, які ўсімі сродкамі і сіламі прапагандуе маладзёжны модны рух… Адным словам, “Культура” цалкам падтрымлівае канструктыўныя погляды таленавітага дызайнера. Таму з гэтага года адкрываем рубрыку “Прэзентацы-Я”, у якой пазнаёмім нашых чытачоў з удзельнікамі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”. Уступнае слова — Сашу ВАРЛАМАВУ.
Далей