Як не згубіць “чалавечыя арыенціры”?
28 лістапада адкрываецца чарговы, XIX з’езд мастакоў Беларусі. На парадку дня — справаздача аб рабоце Рады і Рэвізійнай камісіі Саюза за трохгадовы перыяд паміж з’ездамі, выбары новага складу кіруючых органаў.
Натуральна, у дыскусіях па дакладах размова пойдзе аб месцы і ролі Саюза ў культурным жыцці грамадства, аб дзейнасці творчых падраздзяленняў і мастацка-вытворчых прадпрыемстваў у справаздачны перыяд, аб выставачнай дзейнасці і ўкладзе мастакоў у эстэтычнае пераўтварэнне асяроддзя. Безумоўна, размова пойдзе і аб няпростым становішчы сучаснага мастака ў новых рынкавых умовах, аб яго ўзаемаадносінах з дзяржавай, грамадствам, гледачом, сродкамі масавай інфармацыі.
Хацелася б толькі, каб, не ў прыклад папярэднім з’ездам, асноўная ўвага была нададзена ўсё ж менавіта творчым пытанням, якія тычацца пазітыўных і негатыўных аспектаў прафесійнай якасці як асобных мастацкіх твораў, так і выставак у цэлым. Бо трэба прызнаць, што крытэрыі такіх ацэнак за апошнія гады згублены, ды і, уласна кажучы, прапаганда выяўленчага мастацтва ў Саюзе мастакоў пакідае жадаць лепшага. Гэта, на мой погляд, адна з прычын таго, што выставачныя залы нават пры экспанаванні цікавых выставак пустуюць, а большасці патэнцыяльных гледачоў і ўвогуле невядома, што пэўная выстаўка працуе. Я ўжо не кажу пра тое, што большасць выставак не пакідаюць пасля сябе і следу з-за таго, што няма ілюстраваных каталогаў.
Канешне, фактычная бяздзейнасць прафесійнай крытыкі, у тым ліку адсутнасць дасведчанага мастацтвазнаўцы ў штаце апарата Саюза, вядзе да таго, што крытычную думку замяніла суцэльная журналісцкая апалагетыка ў інфармацыйным выглядзе, якая без перашкод працвітае ў прэсе і на тэлебачанні. Спадзяюся, што сёлетні з’езд паставіць і новым складам Рады паспрабуе вырашыць хаця б частку арганізацыйна-творчых праблем, якіх цяпер у нашай мастацкай прасторы назбіралася больш чым дастаткова.