Краіна Елізар’ева: шматмоўе на мове любові
Юбілейны фестываль балетаў Валянціна ЕЛІЗАР’ЕВА завершыцца 30 кастрычніка — акурат у юбілейны, шасцідзесяты дзень нараджэння знакамітага харэографа. Але тая ўрачыстасць — усяго толькі клічнік, што эмацыйна падвядзе вынік лагічна адбудаванага сказа пра майстра, напісанага ім самім, пераказанага артыстамі і прачытанага публікай. А ёсць у тым сказе не толькі дзейнік ды выказнік, але і ўсё суквецце дапаўненняў, акалічнасцей і азначэнняў, што і робяць мастацтва мастацтвам.
Калі я завітала ў тэатр, Валянцін Мікалаевіч яшчэ не скончыў “фотасесію”. Уласна кажучы, гэта была рэпетыцыя ў балетнай зале, удала скарыстаная Ігарам Кузняцовым. Але падчас яе я “пачула” ад Елізар’ева куды больш, чымсьці ў любым інтэрв’ю і нават на спектаклі. Бо балеты ідуць у “перакладзе” артыстаў, інтэрв’ю — ва ўласным ”перакладзе”, але вербальным.
І толькі тыя заўзятыя скокі перад люстэркам — арыгінал, што не паддаецца перакладу.