Разгорнем часаў шаты, або Чытаем Шклоўшчыну як кнігу
Для многіх беларусаў “Новая зямля” Якуба Коласа стала кнігай адкрыцця мілай сэрцу старонкі, першай і яркай карцінкай у жыццёвым буквары, з якой і пачынаецца Радзіма. Хтосьці чэрпае з гэтае крыніцы напоўніцу і глытае нагбом, хтосьці пакуль слібізуе — блытаецца ў складах, а хтосьці толькі прыглядаецца, як коласаўскі Костусь: маўляў, чытаць люблю, але яшчэ не ўмею. Аднак у любым выпадку на цікаўных да роднае зямлі няма ў нас нястачы, і кожны раён Беларусі — разгорнутая кніга. Лістай, усведамляй, атрымлівай асалоду ад спрычынення да культуры Бацькаўшчыны.
І Шклоўшчына тут, натуральна, — не выключэнне. У яе палёў-лясоў пазычыў сілу не адзін дзесятак асоб творчых і таленавітых. Як напісаў паэт са Шклоўшчыны Анатоль Сербантовіч, “… я ўзяў у ячменю характар яршысты. Даў мне задуменнасць задумлівы бор…”. Дык вось, гэтыя яршыстыя, задуменныя і неабыякавыя спрадвеку пісалі і пішуць кнігу ўласнае зямлі, кожная старонка якой для нас — адкрыццё і ўрок сумленнага служэння нацыянальнай культуры. Таму наперад, чытач!