Калдун:“Дайце мне народную любоў, — і я буду шчаслівы”
Калі б у навінах з’явілася штосьці, накшталт: “Калдун вырашыў сысці з эстрады і паляцець у космас”, усе і гэтаму далі б веры. Быць канкурсантам “Еўрабачання” — справа, абцяжараная не толькі ўвагай і славай, але і плёткамі і чуткамі: маўляў, Кіркораў здымае Дзмітрыю кліпы за свае грошы, конкурсная песня Калдуна Work your magic мае падобныя секвенцыі з адной з песень Modern Talking (асабліва, кажуць, у пачатку, — і гэты PR-ход трэба ацаніць) і г. д. і да т. п. Разабрацца ў гэтых інфармацыйных хітраспляценнях амаль немагчыма, а між тым (як спяваецца ў адной песні: “А в это время женщины копали и продвигались женщины вперёд”) каманда Калдуна аб’ехала з прома-турам ужо 9 краін, а шматпакутная кампазіцыя нашага канкурсанта заняла першае месца ў еўрачарце (www.escnation.com).
“К” з гэтай нагоды, і проста з цікаўнасці — як жа насамрэч адбываюцца гэтак парознаму нам прадстаўленыя падзеі, — напісала Дзмітрыю электронны ліст з просьбай распавесці пра тыя “звычайныя незвычайныя” будні канкурсанта “Еўрабачання”. І днямі мы атрымалі адказ спевака, у якім ён дзеліцца сваім настроем і памкненнямі, — ліст, які, ён прызнаўся, напісаў у аэрапорце ў Вене, пакуль чакаў самалёта.