На людным месцы № 40 / 1531 за 2021-10-02
З “мышкай” і кніжкай
Я — чалавек з псіхалогіяй жыхара раённага цэнтра. У такім, дзе ўсе сваякі, суседзі і родзічы, рос і сталеў палову жыцця. Сіндром местачковага гонару — у крыві (“местачковы” тут — ніяк не адмоўная рыса). Працаваць навідавоку і шчыра — справа цяжкая, але рэальная. Іншага спосабу “гадаваць” аўтарытэт пакуль не прыдумалі. Вось такая прэамбула. А цяпер — пра тое, што сёння хвалюе. Якім бачу ідэальны раён і яго ідэальны культурны змест? Паспрабую адказаць.
Раёнам, як падаецца, павінен кіраваць мясцовы і малады душой чалавек. Каб не ехаў увечары начаваць у іншы раён, а разам з жонкай ішоў у РДК на канцэрт, спектакль, танцавальны вечар. Такія, паверце, ёсць, з такімі я размаўляў і атрымліваў ад гэтага задавальненне.
Далей
|
№ 39 / 1530 за 2021-09-25
Час грыбнога шчасця
Верасень, дажджы — час грыбнога панавання. Год на год не прыпадае, але нават у неспрыяльны сезон знаўца абавязкова знойдзе ў лесе свой грыб. Толькі ведаць трэба, як з тым лесам абарачацца. Лепш за палешука ў такім пытанні ніхто не разбіраецца. Я — паляшук. Але спачатку пра іншых паплечнікаў па грыбным вышуку. Пісьменнік Андрэй Федарэнка — з Мазыршчыны. Цэнтр Палесся, можна сказаць, дзе патомных грыбнікоў — кожны другі, не лічачы кожнага першага. Андрэй — аўтар твора “З кошыкам”. Раю прачытаць тым, хто не надта знаёмы з лесам і яго дарамі. Барыс Пятровіч — з Хойніцкага раёна. Нарадзіцца ў вёсцы Вялікі Бор і не разбірацца ў баравіках немагчыма. Але празаік пайшоў далей: паляшуцкія вясковыя норавы вельмі натуральна ўкараніў сярод сталічных гмахаў. Вялікі аматар друкаванага слова, ён даследуе гарадскія кнігарні, як лясныя грыбныя мясціны. Кошык і ў яго заўжды поўны.
Лес — храм. Горад — скарбонка грахоў. Маліцца трэба часцей. Метафізіка? Мабыць. І нездарма паэт Анатоль Сыс (з рэчыцкага Палесся) адзін са зборнікаў назваў “Пан Лес”. Я — таксама паляшук. Бацькі пачалі мяне браць у грыбы гадоў з пяці. Тата вучыў: “Перад уваходам у Лес павітайся з ім абавязкова. Скажы, што шкоды не наробіш, падтрымкі ў Гаспадара папрасі”.
Далей
|
№ 38 / 1529 за 2021-09-17
Магія неабсяжных ведаў
“Чытанне ўсякіх кніжак без разбору — а чытаў я іх вельмі многа — разбудзіла маю фантазію; у душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Ніяк не мог я пагадніць акружаючае рэальнае жыццё са светам думак, фантазій, якія пачэрпнуў з кніг”. Цытата Янкі Купалы з аўтабіяграфіі. Пра “пякельны разлад” — вельмі трапна. Для таго, каб усё прачытанае раскласці ў галаве “па паліцах”, іншым разам і жыцця не стае. Каб не займець “ружовых акуляраў” не пашкодзіць падтрымка дасведчанага чалавека, які дапаможа пагадніць кніжнае жыццё з рэальным. Урэшце, часу ў нас не так шмат, каб дазволіць сабе раскошу чытаць кепскія кніжкі. У адваротным выпадку чытанне можа стаць наркатычнай таблеткай, якая нібыта ратуе ад праблем. А кніга ў першую чаргу — сродак спасціжэння і сябе, і сэнсу жыцця. А работнікі бібліятэк іншым разам (ад вялікай сціпласці, відаць) заніжаюць сваю ролю ў гэтым працэсе. Богам, як зазначылі класікі, сапраўды быць цяжка.
Далей
|
№ 37 / 1528 за 2021-09-11
Ці ёсць вольны час у пенсіянера
Сапраўдная паэзія не дае душы сканаць. Для мяне цалкам натуральным застаецца тое, што вершамі можна лекаваць… Напрыканцы 1990-х і на пачатку нулявых я працаваў рэдактарам аддзела публіцыстыкі тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Акно кабінета выходзіла на Інстытут замежных моў. Але натхняўся я не толькі выглядам даўгалыгіх студэнтак. Раз-пораз за шыбкай з зайздроснай перыядычнасцю мільгала велічная постаць Сяргея Грахоўскага. “Чарговы верш нясе”, — тлумачыў Мікола Гіль. Гэта ўжо потым Алесь Пісьмянкоў зазначыць з веданнем справы: “Вершы пішуць многія, а паэтаў — адзінкі”. У “адзінкі”, неаспрэчна, увайшоў і сам Пісьмянкоў, аднак найперш — Грахоўскі, Танк, Дубоўка. Я далучыў бы ў спіс і Янку Брыля, бо ягоная проза для мяне — залатой пробы выкшталцоная паэзія.
Далей
|
№ 36 / 1527 за 2021-09-04
Кентаўры з Бабровай даліны
“Я паважаю сябе, бо паважаю вас”… Гэта наша, беларускае, замешанае на спрадвечным гонары. Адпачывала пляменніца ў Грузіі. Згадвала, як уражаны быў мясцовы таксіст: “Не лаецеся, смецце праз вокны не выкідаеце, на роднай мове размаўляеце — Еўропа!” А я б дадаў: “Культура!” Адкуль што бярэцца? Няўжо толькі маладым надакучыла быць памяркоўнымі?
Не! Узрост, я перакананы, тут ні пры чым. Старэнькая бабуля на Драгічыншчыне заходзіць у краму, кіёк звонку пакідае, а мне важна тлумачыць: “Паляшуцкая культура такая”. Культура… Культура! Сябра Віця Стрыжак з рэчыцкай Заспы да апошніх дзён сваіх Маму называў на Вы. Культура! Дык адкуль яна?
Мяне зразумее зараз толькі той, хто любіць Беларусь. Шляхетнасць — у крыві. У павароце шыі вунь той вясковай кабеты — вытанчаная пастава князёўны. У выразных вачах вялікага Разанава — спакойная ўладарнасць вялікага Вітаўта. Ва ўсмешцы ссівелага дзеда — паляшуцкая вынаходлівасць гаспадара лесу, ракі і балота. І моліцца ён небу, сонцу і чалавеку.
Культура! Яна ў матчынай песні, дзедавай прыпавесці, у вышываным ручніку ды звонкім гліняным збанку. І ўсё гэта перадаецца з роду ў род шчырым позіркам, гарачым пацалункам, пяшчотным дотыкам ды ўзнёслым словам. Працэс няспынны, бо натуральны. Птушаняты не пытаюцца ў маці, як лятаць. Яны становяцца на крыло, праз якое і прарастае культура, чытай — шчаслівае ўменне лунаць над небам Беларусі. Курыруюць працэс “прарастання” гісторыкі, музыканты, літаратары, работнікі культуры. Дай Бог, каб так яно і было.
Далей
|
№ 35 / 1526 за 2021-08-27
Сцяпанаў вянок з 12 траў і кветак
Гісторыя гэтая многім знаёмая, аднак варта час ад часу аднаўляць яе ў памяці, бо глыбокі сэнс таго патрабуе… Дык вось, калісьці спартанцы, каб перамагчы ў чарговай бітве, папрасілі ў афінян вайсковай дапамогі. Тыя прыслалі… двух музыкантаў. Спартанцы перамаглі. Чарговы доказ вялікай ролі мастацтва ў развіцці грамадства. Цудоўная музыка натхняе на вялікі подзвіг. Так што жалейка бывае часам больш пагрозлівай, чым гарматы. Да ўсяго згадайце гісторыю пра дудачніка з нямецкага Гамельна, што сваім музычным талентам выратаваў горад ад нашэсця пацукоў.
Такім чынам мы працягваем з вамі гаворку пра месца культуры і мастацтва ў нашым жыцці. Прынамсі, амаль у кожным лісце вы распавядаеце пра выключна важную місію работнікаў сельскіх бібліятэк, клубаў ды музеяў. Ад сябе дадам у чарговы раз, што вёска трымаецца не толькі на хлебаробскім характары. Сярод яе верных захавальнікаў — людзі з музычнай душой.
Далей
|
№ 34 / 1525 за 2021-08-21
Аладкі з кабачка
Навошта патрэбны пісьменнікі, калі ўжо былі Аляксандр Пушкін і Максім Багдановіч, Васіль Быкаў ды Іосіф Бродскі? Патрэбны! Няспынны і натуральны працэс творчага самавыяўлення. І кожны век дае цудоўныя прыклады пераходу колькасці ў якасць. Мастацтва пачынаецца там, дзе заканчваюцца засмучэнне і абыякавасць. Не, смутак можа прысутнічаць, але паводле класіка ён павінен быць светлым. І тады вершы вырастаюць са “смецця”, героі прозы перастаюць слухацца аўтара, а фарбы ды ноты кладуцца так, што музыка набывае адлюстраванне, а жывапіснае палатно — незямное гучанне. Галоўны вораг мастацтва — шэрая банальнасць кшталту рыфмаў графамана: “розы — марозы”, “слёзы — бярозы”.
Сапраўдны творца мае здольнасць бачыць і чуць. Я не паспеў узяць вялікае інтэрв’ю ў свайго суседа і непераўзыдзенага аўтара жывапіснай графікі Валерыя Шкарубы. Але добра памятаю ягоны ўспамін пра першае дзіцячае здзіўленне, што выклікаў нейкі заезджы мастак. Яго не хвалявалі прыгожыя вясковыя пейзажы, а зацікавіў звычайны касцёр дроў ля падворка. Мастак пабачыў нешта адмысловае, нешта знакавае для сябе, што і нараджае са “смецця” твор. Я перакананы, што без гэтага дару няма і работніка культуры. Шырспажыў бачаць усе, парасткі мастацтва — толькі абраныя.
Далей
|
№ 33 / 1524 за 2021-08-14
Уключыць бібліяфарсаж!
Не першы раз тэлефануюць мне з роднай Веткі. Напішы, маўляў, што няма дзе моладзі танцаваць. Тым больш у гэтыя летнія цудоўныя вечары, калі сама прысожская прырода прымушае палешука думаць пра ўзнёслае ды летуценнае, згадваць пра любоў і каханне. Прырода на гэта здольная. А мясцовая сфера культуры? Атрымліваецца, летуценне выключана са спісу культурных паслуг? Ці не зашмат пытанняў?! Адназначна адно: моладзь без танцаў занадта хутка старэе. І працэс гэты ў Ветцы значна зацягнуўся.
Танцавальная зала ў РДК доўгі час знаходзілася ў аварыйным стане. А летнюю “клетку”, дзе прайшло маё танцавальнае юнацтва, скасавалі па прычыне рэканструкцыі старасвецкага парку на Краснай плошчы. Таямнічы парк ператварыўся ў стандартны сквер. А танцавальную пляцоўку перанеслі з цэнтра на ўскраіну, пад прадзільную фабрыку, у колішнюю панскую дуброву. Ды штосьці і тут не заладзілася. Мо я безнадзейна састарэў і танцы сёння сапраўды страцілі актуальнасць? Не ведаю, толькі ў маё юнацтва ў “клетцы” было не пратаўкнуцца.
Я і не пісаў бы пра гэта, бо дыскатэкі апошнім часам перасталі прыносіць важкі даход па вядомай прычыне часовых абмежаванняў для непоўнагадовых. Але любы маркетолаг зазначыць з веданнем справы, што дыскатэчны прыбытак залежыць не столькі ад танцораў, колькі ад дыджэяў ды іх начальнікаў.
Вось і прыйшлося карпець над гэтымі радкамі. Зараз паспрабую перадаць тую веткаўскую сітуацыю, пра якую мне вушы пратрубілі.
Далей
|
№ 32 / 1523 за 2021-08-07
З Пэндзлікам па вёсцы
“Перастварэнне” — вельмі цікавае значымае слова. У сферы культуры і мастацтва, можна сказаць, ключавое. І корань адмысловы — “тварэнне”. Копія класічнай жывапіснай карціны — усяго толькі копія. Няхай гэткая ж геніяльная па выкананні, як і арыгінал. А вось якасны пераклад, скажам, “Слова аб палку Ігаравым”, які зрабіў на беларускую мову Янка Купала, — менавіта перастварэнне, то-бок паралельная “пабудова” раўназначнага літаратурнага твора на іншай лексічнай аснове з улікам усіх алюзій, іншасказанняў, зашыфраваных філасофскіх, фразеалагічных, маральных кодаў. А гэта неймаверна цяжка. Як, да прыкладу, дакладна перакласці на замежную наша знакамітае “затапчы яго камар”? На мой погляд, улічваць трэба не толькі гумарыстычную семантыку фразеалагізма. Больш важна мець на ўвазе, што такая пагроза можа зыходзіць з боку чалавека не надта рашучага, які спадзяецца на падтрымку хіба што камара. І такіх акцэнтаў пры лінгвааналізе любога жывога тэксту — плойма.
Іншым разам перакладчык пераўзыходзіць таго, каго перакладае. У пісьменніцкіх нататках Сяргей Даўлатаў піша, што Курт Ванегут на радзіме карыстаецца значна меншай папулярнасцю, чым у Савецкім Саюзе. Заслуга геніяльнай перакладчыцы Рыты Райт.
Далей
|
·
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 .. 121
Назад
|
Цікавосткі: варта прачытаць! Гісторыя і лёсы: культура Беларусі ад мінулага да сучаснасці
|