Нязгасная Зорка Гагарына
Літаральна праз два дні чалавецтва чакае дата, якую без перабольшання можна назваць — сусветна-зорнага маштабу. Шэсцьдзясят гадоў таму ўсе тэле- і радыёкампаніі Планеты Зямля бесперапынна, як “SOS”, перадавалі адзінае сенсацыйнае паведамленне: “Чалавек у космасе!” Першыя палосы мільярдных газетных тыражоў ва ўсіх дзяржавах выходзілі ў свет з такой адкрытай і бясконца абаяльнай, знаёмай цяпер кожнаму зямляніну ўсмешкай Юрыя Гагарына.
“Беларускі матыў” за гэтыя шэсць дзясяткаў гадоў таксама магутна гучаў, ды і сёння годна гучыць у касмічных далячынях. Нашы шаноўныя землякі Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак аднымі з першых у кагорце лётчыкаў-касманаўтаў асвойвалі глыбіні Сусвету. Там жа, далёка ад Зямлі, сустрэне Дзень касманаўтыкі-2021 — а ў іншых краінах ён святкуецца як Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас —
і Уладзімір Навіцкі.
Наша Айчына нарадзіла не толькі трох касманаўтаў-беларусаў, але і стала першапраходцай у спасціжэнні, так бы мовіць, “касмічнай прасторы” ў выяўленчым мастацтве. І першым мы згадваем імя народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і прэміі Саюзнай дзяржавы, скульптара Івана Міско. Усё сваё творчае жыццё ён прысвяціў героям Космаса. Вось і сёння, напярэдадні знамянальнага “касмічнага юбілею”, мы прэзентуем яго новы твор з немудрагелістай, але абсалютна асацыятыўнай для міжнароднай супольнасці назвай — “12 красавіка”. Белая і чорная мармуровыя паўсферы на кампазіцыі як падзелены часавы пояс, як надыход дня і ночы на планеце, што назіраў у гістарычным палёце зорны зямлянін Юрый Гагарын. І ягоны размашысты аўтограф з бронзы, і ягоныя вочы...
Далей