Горад Гедыміна — Культурная сталіца
Парыж, паводле вызначэння Хэмінгуэя, — “свята, якое заўжды з табою”. Не іначай ён меў на ўвазе тое, што, акумулюючы ў сваім абліччы гісторыю (Нотр-Дам, Луўр, Эйфелева вежа…), горад сутнасна застаецца нязменным. Само сузіранне гэтай з’явы, усведамленне пазачасовасці парыжскага жыцця і ёсць свята для душы. Мінск Парыжу суцэльная супрацьлегласць. Мінск — горад-гармідар, які з перыядычнасцю ў 20 гадоў радыкальна змяняе сваё аблічча, вобраз і лад жыцця. Ён імкліва цягнецца ўверх і распаўзаецца па зямлі, заглынаючы прыгарадныя вёскі. Невядома, якім Мінск будзе заўтра, але цалкам верагодна, што сённяшнім мінчукам яго будзе не пазнаць.
А яшчэ мінчукі пры ўсёй сваёй сталічнай фанабэрыі час ад часу мараць ад сталіцы адпачнуць. Скажам, у адносна невялікім горадзе, дзе шмат зеляніны, вышыня дамоў збольшага вагаецца ў межах пяці — дзевяці паверхаў, дзе па вызначэнні адсутнічаюць аўтамабільныя коркі. Дзе вока адпачывае на аўтэнтычных узорах даўніны. І дзе, між тым, ёсць усё, што неабходна для паўнавартаснага жыцця. Як на маю думку, гэтым крытэрыям цалкам адпавядае Ліда. Ад яе жыхароў я чуў, што госці, якія трапляюць туды ўпершыню, шчыра гэтым горадам захапляюцца і называюць “маленькім Парыжам”. Мабыць, за ўтульнасць, гасціннасць, добразычлівасць, якія звыкла лічацца адзнакай еўрапейскасці. Бракуе гораду хіба Эйфелевай вежы, але ёсць замак. У наступным годзе горад будзе культурнай сталіцай Беларусі. Лідзе такі статус відавочна пасуе.
Далей