Вера Кавалерава: "Аптыміст з дзіцячага тэатра"
Не сакрэт: тэатр змяняецца разам з жыццём, і ўсё менш застаецца ў ім недатыкальнага -- абароненага прафесійнай тэрыторыяй, непадуладнага стыхійным гульням часу. Вось і пра класічнае разуменне акцёрскага амплуа даўно не прынята згадваць. Вызваліўшыся ад жорсткіх сцэнічных канонаў, тэатр значна павялічыў сваю эфектыўнасць і такім чынам імкліва наблізіўся да гледачоў. І ўсё ж існуюць каноны непахісныя, новым павевам непадуладныя. Актрыса Рэспубліканскага тэатра юнага гледача Вера Кавалерава сама па сабе ўвасабляе ўвесь дзіцячы тэатр. У гэтым сэнсе яе можна лічыць жывой легендай. Прынамсі, пакуль у ТЮГу працуюць такія артысткі, амплуа травесці скасаваць немагчыма. Зрэшты, увасобленыя ёю вобразы -- яшчэ і проста яркія ўзоры акцёрскай творчасці. Дастаткова згадаць Зайку-зазнайку з аднайменнага спектакля па п’есе Сяргея Міхалкова, Міколку з «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова, Кацярынку і Зоську ў «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Янкі Купалы і Міхася Чарота, Чыпаліна з казкі «Чыпаліна і яго сябры» паводле Джані Радары, Надзьку з п’есы Міхаіла Рошчына «Уся надзея», Элен са «Стваральніцы цуду» Уільяма Гібсана, Асляня з «Дарогі на Віфлеем» Сяргея Кавалёва…