Уладзімір Цэслер. Трынаццаты з ХХ?
Апошні раз я быў у творчай студыі Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі ў самы разгар іх працы над праектам «Дванаццаць з ХХ». Майстэрня ўяўляла сабой несусветны хаос бунтуючай стыхіі. Груды металу, дрэва, пластмасы, кнігі, альбомы, чарцяжы, фотаздымкі, кампрэсар, зварачны апарат, ціскі, дрылі, кілбаса, кафейнік, попельніца, пахі хімрэактываў, гарэлага, парфумы і многае іншае, што мела непасрэдныя адносіны да справы і не мела іх.