Ірына Яромкіна
Прыма Вялікага тэатра Беларусі даведалася, што ёй нададзена высокае званне народнай артысткі рэспублікі, падчас гастроляў айчыннага балета ў Мексіцы. Але нават прыехаўшы ў Мінск, доўгі час не верыла, што падобнае адбываецца менавіта з ёй. «Я нібы ў сне! — прызнавалася Ірына Яромкіна. — Нейкая казачная гісторыя, якой радуешся ў душы, як дзіця!..»
Мінулы год сапраўды быў багаты для Ірыны на вясёлкавыя падзеі. У родным тэатры яна станцавала Анастасію ў аднайменным прэм’ерным спектаклі, пастаўленым Юрыем Траянам. У новай аўтарскай рэдакцыі балета Валянціна Елізар’ева «Рамэа і Джульета» выйшла ў вобразе юнай закаханай гераіні шэкспіраўскай трагедыі. У снежні стала лаўрэаткай Нацыянальнай тэатральнай прэміі: атрымала запаветную статуэтку за партыю Байджан у балеце «Каханне і смерць» у пастаноўцы Вольгі Костэль. Затым Яромкіна перамагла ў конкурсе «Чалавек года ў сферы культуры» ў намінацыі «Харэаграфічнае мастацтва». І вось яна — народная артыстка Беларусі! Ірына па-ранейшаму кожны вечар працягвае радаваць гледачоў сваім талентам. Нядаўна выступала ў партыі Фрыгіі падчас паказу балета «Спартак» у Пекіне, а цяпер рыхтуецца да новай ролі — Ганны Карэнінай, гэты балет з’явіцца ў афішы Вялікага ў наступным тэатральным сезоне.
Далей