— Каб пісаць іконы, трэба мець смеласць. І вялізнае жаданне. Тады сам Гасподзь будзе табе дапамагаць, — перакананы сучасны беларускі іканапісец Віктар Доўнар. — А без малітвы нічога не атрымаецца. Вось у чым справа: наша свабода ў тым, каб мы мелі прагненне!
Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука ў абыход усіх забабонаў і прымхаў так прарэкламавала навінкі Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”: “Сімвалам мерапрыемства стала свістулька, зробленая па традыцыях знакамітай майстрыхі Ганны Марачовай. Нават думаем музей адпаведны стварыць. І не верце, што ад свісту грошай не будзе. У маёй уласнай калекцыі, да прыкладу, каля трыццаці свістулек. І нічога кепскага ад гэтага не адбываецца”. Напярэдадні фестывальнага сезону гаворка ў Прэс-цэнтры Дома прэсы ішла пра імпрэзы, святы і конкурсы, канвеер якіх пачне набіраць абароты літаральна праз лічаныя тыдні.
Да 1 верасня 2018 года ўсе зацікаўленыя драматургі могуць прыняць удзел у Comedy.by — конкурсе на найлепшую п’есу камедыйнага жанру. Арганізатары — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з Цэнтрам беларускай драматургіі.
Ужо дзявяты раз невялікае польскае мястэчка Навіцы сабрала больш за 40 мастакоў з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы і, упершыню, з Румыніі. Два тыдні яны працавалі ў тым экалагічна чыстым рэгіёне і, як пажартавалі куратары праекта Катажына Якубоўска і Матэвуш Сора, яшчэ і культурна чыстым. “Абожанае цела” — выстава па выніках пленэру, якая традыцыйна ездзіць потым па розных краінах. У Мінску яна завершыцца пасля велікодных святаў.