І маленькія шэдэўры былі!

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

“ПлаSтформа” змянілася: шкада, сумесных намаганняў не назіралася...
Другі Адкрыты форум пластычных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа Мінск-2014” прыцягнуў не менш увагі, чым леташні Першы. І — прадэманстраваў не толькі сваю жыццяздольнасць, але і рэальна выкарыстаныя магчымасці далейшага развіцця. Больш за тое: ён акрэсліў найбольш перспектыўныя кірункі далейшага руху.

/i/content/pi/cult/471/9997/9-1.jpg /i/content/pi/cult/471/9997/9-3.jpg

Сцэны са спектакляў "Мёртвыя ды жывыя фігуркі" суполкі "Laboratory Figures Oskar Schlemmer" і "Рамонт" пластычнага тэатра "ІнЖэст". / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/471/9997/9-4.jpg

Вячаслаў Іназемцаў у адным з фіналаў фестывальнага дня. /Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Калі форумаў было ўжо два, дык параўнанняў не пазбегнуць. Яны ўзніклі яшчэ напярэдадні “ПлаSтформы-2014”. Але што цікава: тыя параўнанні, што нарадзіліся па завяршэнні ўсіх паказаў ды сустрэч, аказаліся куды багацейшымі за ўсе ранейшыя ўяўленні анонсавага характару. Папярэдне адзначаліся змены хіба ў арганізацыйных пытаннях, пашырэнне саміх маштабаў свята: падтрымка Міністэрства культуры краіны, дзве сцэнічныя пляцоўкі замест адной (не толькі Палац культуры і спорту чыгуначнікаў, як летась, але і Маладзёжны тэатр эстрады). Гэта і больш шырокія міжнародныя перспектывы: удзел замежнага тэатра — “Teatr formy” з Вроцлава, няхай і з монаспектаклем (раней, нагадаем, прыязджалі асобныя прадстаўнікі з Польшчы і Швецыі), а таксама выязная сесія “ПлаSтформы” ў Люблін, што адбылася ў лістападзе. Па завяршэнні форуму можна з упэўненасцю канстатаваць: галоўнае адрозненне сёлетняй праграмы — мастацкія адкрыцці. Уласна кажучы, так і павінна быць, але часцей здараецца іначай: абяцанняў — на мільён, вынік — на капейку. Менавіта ў мастацка-эстэтычным сэнсе. А вось у грашовым...

Самым, бадай, прыкрым здарэннем “ПлаSтформы-2014” сталася адмена аднаго з запланаваных фестывальных дзён. Некаторыя са спектакляў, што былі прызначаны, перанесліся на іншыя дні — як бонус. Наступствам жа такіх спантанных рашэнняў становіцца зварот білетаў, не атрыманыя грошы, нарэшце, маральныя страты публікі і артыстаў, мастацкія — самога фестывалю.

Калі год таму ледзь не галоўным здабыткам форуму стаўся яго сацыяльны аспект — скіраванасць на моладзь, дык сёлетнія ўражанні — найперш, паўтаруся, мастацкія. І звязаныя не толькі з прызнаным лідарам — пластычным тэатрам “ІнЖэст” на чале з нястомным Вячаславам Іназемцавым. Ужо адно тое, што “ПлаSтформа-2014” адкрыла для сталічнага гледача новы цікавы калектыў з Магілёва, каштуе многага.

Лабараторыя з “Оскарам”

Дзіўнаватае найменне творчай суполкі — “Laboratory Figures Oskar Schlemmer”. Парадаксальная назва спектакля — “Мёртвыя ды жывыя фігуркі”. Яшчэ да прагляду яна выклікае асацыяцыі з лялечным тэатрам, марыянеткамі, уменнем думаць, развівацца, крочыць наперад, што раўназначна самому жыццю. І, вядома, настройвае на філасофскі падтэкст, праблемы жыцця ды смерці. Ну а ведаючы арганізатараў лабараторыі — Таццяну і Юрыя Дзіваковых, адразу рыхтуешся да чагосьці крэатыўнага, таленавітага, нечаканага, але энергетычна ёмістага і, пры ўсёй сваёй іроніі, пазітыўнага. Ды ўсё роўна ўбачанае пераўзыходзіць спадзяванні. Агаломшвае. Выклікае жаданне паглядзець яшчэ. Прычым таму, што спектакль, пры ўсёй яго амаль поўнай бязмоўнасці, папросту не можа быць паўтораны не толькі “слова ў слова”, але і “блізка да тэксту”, кожны раз ён будзе зусім іншым.

Спектакль выклікаў розную рэакцыю. Некаторыя з удзельнікаў форуму пакінулі залу ўжо пасля некалькіх хвілін. Тыя, што засталіся, выказвалі пасля сваё абурэнне. Публіка ж (пераважна маладзёжная, на што паўплывала і зала Маладзёжнага тэатра эстрады) — была ў захапленні. Удзельнікі праекта былі нават здзіўлены такім прыязным стаўленнем, бо разлічвалі на “вайну сусветаў” (дакладней, светапоглядаў). Пра зацікаўленасць гледачоў сведчыла тое, што адкрытае грамадскае абмеркаванне аказалася больш працяглым, чым сам спектакль, разлічаны прыблізна на гадзіну, і скончылася плаўным перацяканнем часткі публікі на сцэну, для далейшых распытванняў-размоў. Што ж да “непрыемных” праблемных пытанняў, якія звычайна суправаджаюць любы эксперымент, дык тут удзельнікі праекта імкнуліся іх справакаваць, а то і задаць — сабе.

Па знешніх параметрах гэтая пастаноўка быццам бы не ўпісваецца ў форум. Тут не танцуюць, ды ўласна пластычны фрагмент, калі Юрый неяк па-асобаму “перасоўваецца” ўздоўж сцэны, займае, відаць, менш за хвіліну. Спектакль адпавядае форуму па духу: ён цалкам “лабараторны”, эксперыментальны, разлічаны на глядацкі інтэрактыў, акцёрскую імправізацыю, незапланаваныя “выбрыкі” саміх лялек ды іншага сцэнічнага антуражу — ад дзіцячай горкі, адкуль будуць сыпацца камяні, да кавалка мяса, што абарвецца з вяровачкі, і паветраных шарыкаў, якія пачнуць лопацца на вачах.

Быццам бы бессюжэтная дзея насамрэч добра ўкладаецца ў асацыятыўныя повязі. Але самымі галоўнымі з іх, пэўна, застаюцца гістарычныя — на ўсіх узроўнях. Прафесійны падыход выяўляецца не толькі ў тым, што муж і жонка Дзіваковы — дыпламаваныя тэатральныя дзеячы (ён — акцёр, яна — мастачка). Прафесійнасць — яшчэ і ў стаўленні да ўсіх складнікаў спектакля. Музыку, да прыкладу, яны замовілі прафесійнаму кампазітару Аляксандры Даньшовай, якая жыве ў Германіі і з якой яны пазнаёміліся яшчэ ў час ейнага навучання ў Акадэміі музыкі.

На “ПлаSт” ці на “Форму”?

Магілёўскі праект, да ўсяго, закцэнтаваў дзве сацыяльна значныя тэмы. Адна з іх — эксперыментальнасць у тэатральным руху Беларусі. Звярніце ўвагу: леташняя “ПлаSтформа” называлася форумам пластычных і танц-тэатраў — у назве цяперашняй знікла частка “танц”, што адпавядала ісціне. А ў больш позняй рэкламнай прадукцыі ўзнікла новае жанравае азначэнне, якое можна толькі вітаць: форум пластычных і эксперыментальных тэатраў. На далейшае развіццё гэтага кірунку настройвае і назва форуму. “ПлаSт” — як напластаванне (і, у тым ліку, сінтэз) і адначасова як пластыка. “Форма” — як структура “збудавання” і, шырэй, як адметныя выразныя сродкі, прадыктаваныя творчым пошукам. Без эксперыментальнасці, “лабараторнасці” тэатр загіне. Развіццё ж гэтай галіны дапаможа сфарміраваць не толькі новую эстэтыку, але і новую публіку — гатовую разважаць ды эксперыментаваць разам з удзельнікамі спектакляў.

Другая актуальная тэма — рэгіянальная. Звычайна ўсе праўдамі-няпраўдамі імкнуцца застацца ў Мінску, а потым — з’ехаць у Маскву: дзеля больш поўнай рэалізацыі сваіх творчых магчымасцей. Мінчане Дзіваковы, наадварот, пераехалі ў Магілёў, каб не застацца ў ценю мэтраў, а распачаць, акрамя працы ў тэатры, яшчэ і ўласныя праекты. Можа, справа яшчэ і ў самастойнасці творчых памкненняў? У сталіцы і сапраўды больш магчымасцей, але — як далучыцца да ўжо існых з’яў? Мабыць, да гэтага схіляецца большасць творцаў. Але нельга не заўважыць, якія зрухі пачаліся апошнім часам у абласных цэнтрах, іншых гарадах і нават мястэчках, дзе ўсё больш актыўна пачынае віраваць культурнае жыццё. А разам з ім — прага новых форм, жаданне распачаць штосьці сваё.

Гэта дэманструе і “ПлаSтформа”, прычым не толькі на прыкладзе Магілёва. Такія гарады, як Гродна, Гомель, Віцебск, даўно могуць хваліцца пластычна-тэатральнымі калектывамі, вядомымі і ў замежжы.

Крэатыў як традыцыя

Добра, што форум, “прасякаючы” новыя “вокны”, робіць гэты працэс адной са сваіх традыцый. А іх за два гады назбіралася багата. Найдасканалымі (і адначасова рэвалюцыйнымі) спектаклямі “ПлаSтформы” можна прызнаць “Рамонт” тэатра “ІнЖэст”, паказаны і на “ТэАрце”, таксама пастаўлены тым жа Вячаславам Іназемцавым фінал кожнага дня. Тут былі і нітачка, працягнутая да Вячаслава Палуніна і яго “Снежнага шоу”, і шмат зусім не зласлівай, гулліва-ўсмешлівай іроніі “па-беларуску”, і з’яўленне анёла з нябёсаў, і спартыўная тэма... На некаторых праглядах я даседжвала да канца толькі дзеля таго, каб яшчэ раз убачыць бліскучы “маленькі шэдэўр”.

Цудоўнай традыцыяй сталі абмеркаванні, майстар-класы, лекцыі ў рамках форуму. Удзел у асветніцкай праграме маладога, але ўжо прызнанага крытыка і даследчыка харэаграфіі Святланы Уланоўскай надаў “ПлаSтформе” неабходны для яе навукова-аналітычны аспект.

Сумяшчэнне пластыкі цела з рухам думак — што можа быць больш перспектыўным? Ёсць думка — будзе і яе адпаведнае пластычнае рашэнне. Вядома, яно не з’явіцца імгненна, але, нават у параўнанні з леташняй “ПлаSтформай”, можна заўважыць рост калектываў, што непасрэдна паўплывала на ўзровень самога форуму. Нават далёка не самыя моцныя работы вылучаліся хаця б адной нешараговай ідэяй. А калі ёсць за што, як кажуць, зачапіцца, дык будзе і вынік. Шкада толькі, што прафесійныя калектывы — тыя ж “D.O.Z.SK.I” — форумам пакуль не зацікавіліся. Бо любое добрае пачынанне патрабуе сумесных намаганняў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"