Класіка і класы

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Фестываль Співакова: што ў дужках, што — за імі
Міжнародны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае” прайшоў сёлета ў трэці раз. Два першыя такія форумы, парушыўшы ўсе сюжэтныя заканамернасці казачнага аповеду, пакінулі самыя яркія ўражанні і цудоўныя ўспаміны. Як было сёлета?

Трэці фестываль пашырыў геаграфію: да Мінска, Гомеля і Магілёва дадаўся яшчэ і Віцебск. Праўда, своеасаблівай “рэпетыцыяй” гэтага далучэння можна было лічыць ужо колішні гала-канцэрт зорак сусветнага балета, зладжаны ў Мінску і Віцебску. Калі ў іншых абласных цэнтрах паўтаралася адна з нашумелых ранейшых праграм, дык тут “дубліраваўся” сёлетні балетны вечар — быццам яшчэ і ў працяг знакамітых віцебскіх фестываляў сучаснай харэаграфіі. Да васьмі канцэртаў форуму далучыліся два майстар-класы: знакамітага барытона Дзмітрыя Хварастоўскага ў Акадэміі музыкі і танцоўшчыка Ноа Д. Гелбера — асістэнта вядомага амерыканскага харэографа Уільяма Фарсайта — у Вялікім тэатры.

Майстра — у клас!

Выкарыстанне прыезду зорак не толькі для гастролей, але і для непасрэднай перадачы вопыту — добрая практыка многіх фестываляў. Але майстар-клас Ноа Д. Гелбера больш нагадваў пастановачны кастынг у некалькі этапаў і праходзіў быццам бы па-за рамкамі ўласна фестывалю. Бо гэта было не што іншае, як пачатак доўгатэрміновага супрацоўніцтва тэатра з пастаноўшчыкам, перамовы пра тое, каб дзесьці ўвосень 2015-га ён увасобіў тут прэм’еру.

Майстар-клас Дзмітрыя Хварастоўскага выклікаў такі ажыятаж сярод студэнтаў і выкладчыкаў Акадэміі музыкі, што на яго давялося раздаваць запрашальнікі. А каб далучыліся тыя, хто не мог змясціцца ў зале, адкрылі дзверы ў фае. Звонку ўсё было традыцыйна. Маладыя спевакі паказвалі па два падрыхтаваныя нумары — арыю і раманс. І слухалі ад майстра парады. Але замест крытыкі (а на іншых майстар-класах яна бывае і даволі жорсткай, крыўднай, часам несправядлівай) чулі, у асноўным, кампліменты. Спявак быццам вучыў галоўнаму — уменню радавацца чужым поспехам. “Брава! — адрэагаваў ён на Разіну з “Севільскага цырульніка” Дж.Расіні ў выкананні Марыі Шабуня, якая толькі сёлета перавялася з аддзялення фартэпіяна на вакал. — Мне, прызнацца, няма чаго дадаць, бо гэта зроблена з густам, гумарам, пры паўторах музыкі ёсць развіццё характару, думкі. Я атрымаў сапраўднае задавальненне!”

Не шкадаваў ён ухваленняў і для трэцякурсніка Паўла Пятрова, які сумяшчае вучобу з працай у нашым Вялікім тэатры: “У вас ёсць голас, прыродны дар, вы ўмееце быць шчырым на сцэне. Нам усім пашанцавала, што ёсць такі хлопец — з серабром у голасе!”. Адзначыў і кітайскага студэнта Ван Ханьцына, заўважыўшы, што з яго можа вырасці добры еўрапейскі бас. Але ад кінутай з залы прапановы садзейнічаць кар’еры, неяк “прасоўваць” кагосьці з маладых спевакоў — адмовіўся: “Акрамя музыкі, я нічога не ўмею”. Праўда, і спяваць не пагадзіўся: “Я не ў форме: пасля ўчарашняга канцэрта паклаўся спаць а 5-й раніцы”.

Робячы заўвагі, Хварастоўскі быў тактоўны, амаль не закранаў метадалогію, бо ў вакале яна надзвычай індывідуалізаваная, раіўся з педагогамі ўдзельнікаў майстар-класа. Асаблівую ўвагу звяртаў на індывідуальнасць... герояў, якіх увасаблялі салісты: “Вы павінны прыдумаць характар. Хочаце — зрабіце Немарына (безнадзейна закаханы з оперы “Любоўны напой” Г.Даніцэці. — Н.Б.) блазнам, хочаце — мача”. Даваў маэстра і проста жыццёвыя парады: “Трэба ўмець “перагортваць старонку”. Уявіце сабе, заўтра — новая старонка. І рабіце ўсё “з чыстага ліста”. Гэта дапамагае — і ў добрых і ў дрэнных выпадках”.

Перагортваем старонкі

Апошняя парада аказалася вельмі дарэчы пасля згаданага сольніка Дзмітрыя Хварастоўскага ў Палацы Рэспублікі. Асабіста я ў той вечар жудасна пакутавала. І марыла, каб усё, нарэшце, скончылася. Добра складзенай музычнай праграме (першае аддзяленне — руская музыка, другое — заходнееўрапейская, аркестравыя нумары чаргуюцца з вакальнымі: шэсць тых і шэсць гэтых) перашкаджала агульная драматургія — з расцягнутай да паўгадзіны, пазбаўленай рэжысуры афіцыйнай часткай, надта “эстрадным” вядзеннем канцэрта, што дысанавала з класікай. Але галоўнае — атрымліваць асалоду ад музыкі перашкаджала акустыка. Мікрафоны (а ў гэтай зале без іх немагчыма) “выхоплівалі” з агульнага аркестравага гучання асобныя інструменты, кожны з тэмбраў гучаў сам па сабе, не ствараючы каларыстычных “аблачынак”, з якіх раз-пораз прабіваліся б прамяні. І так захацелася паслухаць спевака ў оперным асяродку! Можа, калісьці ён і сапраўды паўдзельнічае ў адным са спектакляў нашага рэпертуару? Цяперашняе ж выступленне ў непрыстасаванай, затое куды больш умяшчальнай зале было вымушанай мерай. І апраўдвалася, акрамя ўсяго, лепшымі ўмовамі для тэлездымак.

У тэлеверсіі, дарэчы, удалося пазбегнуць усіх пералічаных хібаў. Засталіся “за дужкамі” прамовы і ўганараванні ад грамадскіх аб’яднанняў, замест не ў меру палкіх аб’яў нумароў — строгі радок з прозвішчам аўтара і назвай твора. А галоўнае — з эфіра лілося гарманічнае, збалансаванае гучанне! Цікавай была і аператарская праца: камера то ўзнімалася над аркестрам, то з цікавасцю “зазірала” ў імпазантны раструб тубы. Каб яшчэ на экране ўзнікалі менавіта тыя інструменты, што ў той момант саліравалі, дык гэта быў бы еўрапейскі ўзровень. На жаль, гэты канцэрт — адзіны, які атрымаў тэлеверсію. Белтэлерадыёкампанія не выявіла цікавасці да фестывалю, як гэта было раней. Шкада.

Кожны з вечароў меў сваю “разыначку”, але і свае некаторыя хібы. У камерным “Часе Баха” побач з пранізлівым выкананнем, што трапляла ў самае сэрца, былі і нумары, дзе ансамбль нешта не складаўся. Справа не ў сінхроннасці, а ў тым адчуванні “адзінага дыхання” пры быццам бы поўнай свабодзе музіцыравання, чаго чакаеш ад музыкантаў найвышэйшага рангу. Але ж якой кранальнай была скрыпка самога Уладзіміра Співакова!..

Пры ўсёй фенаменальнасці пасажаў Аркадзя Валадося, цалкам “неспалучальнай” аказалася яго сумесная ігра з Нацыянальным акадэмічным сімфанічным аркестрам нашай краіны, за пультам якога быў  дырыжор Аркадзь Берын. Першы фартэпіянны канцэрт П.Чайкоўскага замест велічнага, адмысловага, інтэлектуальна вытанчанага, рамантычна палётнага ці якога іншага збудавання (варыянтаў інтэрпрэтацый — безліч) папросту рассыпаўся на асобныя кавалачкі, не кажучы ўжо пра элементарныя несупадзенні аркестра з салістам. Публіка змагла напоўніцу ацаніць талент піяніста толькі тады, калі ён пачаў свае бясконцыя “бісы” — ажно пяць!

Рознымі па ўзроўні аказаліся і “Зоркі сусветнага балета”. Ранейшы такі гала-канцэрт, пазафестывальны, быў усё ж больш цікавым паводле харэаграфіі. У фрагменце з “Рамэа і Джульеты”, пастаўленым К.МакМіланам, міжволі ўзнікалі параўнанні з аднайменным балетам В.Елізар’ева — на нашу карысць. Пакуль жа беларуская школа была прадстаўлена хіба праз удзел у канцэрце Любові Андрэевай, якая апошнім часам працуе ў Санкт-Пецярбургскім тэатры балета Барыса Эйфмана. І як удасканалілася ейнае танцавальнае майстэрства!

Сярод удалых канцэртаў было закрыццё, пабудаванае на фрагментах з опер і аперэт. Хаця адзін з заяўленых салістаў захварэў (і даслаў sms, што наступным разам прыедзе выступіць без ганарару), яго замяніў наш Станіслаў Трыфанаў — з іншай праграмай. Але ж якімі дасканалымі па ансамблі сталіся яго дуэты з Ганнай Аглатавай! Мо і яе мы ўбачым у адным з нашых оперных спектакляў?..

Ды ўсё ж самым нечаканым адкрыццём фестывалю стаўся армянскі дырыжор Ваг Папян, які стаў за пульт ужо згаданага нашага аркестра. Калектыў было не пазнаць! Справа не толькі ў далікатнай падтрымцы спевакоў, але і ў той свежасці, чароўнасці, тонкасці і грацыёзнасці, якая раптам ператварыла папулярныя аперэтачныя нумары ў высока адухоўленую, а не прыземлена побытавую музыку. Вось каго б таксама запрасіць на майстар-клас! І ў абавязковым парадку накіраваць на гэткае “павышэнне кваліфікацыі” артыстаў нашага Музычнага тэатра.

Сярод таго, чаму яшчэ можна было б павучыцца на канцэртах фестывалю, — складанне праграм. Нашы калектывы, салісты, рэжысёры часам не ведаюць у гэтым меры, імкнуцца паказаць “усё і адразу”, з-за чаго публіка папросту стамляецца. Тут жа імкнуліся пакінуць яе ў тым стане, калі яна яшчэ не страціла апетыт. Да ўсяго, уразіла стыльнасць — не асобных нумароў, а, зноў-такі, кожнай заяўленай у буклеце праграмы. Замест пярэстай кантраснасці — дакладна вытрыманы на працягу вечара адзін стылявы “колер”, але з мноствам адценняў. Агульным адчуваннем становіцца паступовае паглыбленне, разгляд адной з’явы з розных ракурсаў. Тэматычна-стылявая еднасць выхоўвае ўдумлівага слухача — і гэта, трэба спадзявацца, яшчэ адзін з фестывальных набыткаў...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"