Роспіс амаль прыстроены, а вось метал...

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Дык дзе і да чаго прытуляцца “Балада пра Бацькаўшчыну” і Ко?
У “К” № 21 за 25 мая 2013 года быў змешчаны матэрыял “Ці пераедзе аздоба: што чакае інтэр’еры сталічнага аўтавакзала?”. Гаворка ў ім ішла пра захаванне элементаў мастацкага афармлення аўтавакзала “Маскоўскі” пасля таго, як яго будынак будзе дэмантаваны. Разглядаліся варыянты перадачы роспісу “Балада пра Бацькаўшчыну” і прасторавых кампазіцый з металу ў збор аднаго з мінскіх музеяў альбо паўторнага іх скарыстання для аздобы інтэр’ера аднаго з грамадскіх будынкаў сталіцы. Ідэя “другога жыцця” згаданых твораў мастацтва прыйшлася даспадобы аўтару роспісу Віктару Хацкевічу. Летась у кастрычніку ён накіраваў ліст старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалаю Ладуцьку з просьбай паспрыяць захаванню твора.

/i/content/pi/cult/471/9994/3-1.jpg

На гэтым фота з інтэр'ераў вакзала мы адмыслова вылучылі роспіс і кампазіцыю з металу.

Мастак упэўнены, што гэта не будзе ўяўляць праблемы, бо трыпціх-пано “Балада пра Бацькаўшчыну” напісаны на палатне і ўклеены на пліту сухой тынкоўкі. Спадар Хацкевіч пры патрэбе гатовы ўдзельнічаць у працэсе дэмантажу роспісу. Мастак нагадвае, што ў 1999 годзе на Нацыянальным фестывалі архітэктуры “Брэст” роспіс быў адзначаны дыпломам як лепшая работа года ў намінацыі “Сінтэз архітэктуры і манументальнага жывапісу”. Аўтар падарыў яго гораду. “Я мяркую, — піша спадар Хацкевіч, — што пасля дэмантажу са сцен аўтавакзала трыпціху-пано “Балада пра Бацькаўшчыну” можа быць вызначана месца ў адным з грамадскіх будынкаў...”

Ліст мастака быў разгледжаны кіраўніцтвам горада, і турбавацца лёсам твора мастацтва, які губляе прапіску і праз гэта можа знікнуць, было даручана адміністрацыі Першамайскага раёна, на тэрыторыі якога месціцца аўтавакзал “Маскоўскі”. Ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі раёна, куды мы звярнуліся днямі, нам паведамілі, што пытанне захавання пано пасля дэмантажу можна лічыць вырашаным. Чыноўнікі скантактаваліся з кіраўніцтвам установы “Мінскі аўтавакзал”, падраздзяленнем якой з’яўляецца аўтавакзал “Маскоўскі”. Уласнік апошняга не супраць, каб нехта парупіўся пра дэмантаж і захаванне пано, прычым работы могуць адбыцца ў сярэдзіне красавіка, калі аўтавакзал перастане існаваць як чыннік транспартнай інфраструктуры.

Рашэнне гарадской улады, відаць, у Першамайскім раёне энтузіязму не выклікала. Аўтавакзал “Маскоўскі” паводле значэння — аб’ект, прынамсі, агульнагарадскога маштабу. Было б лагічна, каб лёсам яго мастацкага начыння займаліся ўстановы адпаведнага рангу. Але, як вядома, загады не абмяркоўваюцца… На жаль, на тэрыторыі Першамайскага раёна няма ні Дома культуры, ні якога іншага грамадскага будынка, што можна было б аздобіць згаданым пано. У сувязі з гэтым упраўленне ІРКСМ збіраецца скантактавацца з Музеем гісторыі горада Мінска, кіраўніцтва якога летась выказвала гатоўнасць прыняць пано ў зборы або ўключыць у экспазіцыю, калі на тое будзе рашэнне гарадскіх улад.

Звярталіся мы і ў “Мінскі аўтавакзал”. Кіраўніцтва ўстановы ад каментарыяў адмовілася, але пэўнай інфармацыяй падзялілася. Мастацкая аздоба “Маскоўскага” не можа быць перанесена ў іншыя транспартныя прадрыемствы сталіцы, бо для яе там не прадугледжана месца. Прасцей кажучы, хто роспіс возьме, таму яго і аддадуць. Адносна лёсу апошняга, насамрэч, і ішла гаворка з адміністрацыяй раёна, а вось пра кампазіцыю з металу, што таксама ўпрыгожвае інтэр’ер “Маскоўскага”, не згадвалі. Што будзе з тым творам, калі для яго бліжэйшым часам не знойдзецца новы гаспадар, уявіць не цяжка...

Але пэўную надзею на тое, што металічная кампазіцыя захаваецца і паслужыць аздобе горада, мы атрымалі пасля тэлефанавання ў Беларускі саюз мастакоў. Кіраўніцтва грамадскага аб’яднання занепакоена лёсам работы і мае намер даць указанне аднаму са сваіх вытворчых падраздзяленняў здзейсніць дэмантаж кампазіцыі і парупіцца пра яе захаванне.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"