Культпраграма ўсё складаецца…

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Які дадатковы складнік пры хакеі вы хацелі б пабачыць у час Чэмпіянату свету?
Чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі — не за гарамі. Але пакуль уласна свята на нашай вуліцы не наступіла, мы прапанавалі скласці звязаную з культурай паралельную праграму ЧС, цікавую як для нас, так і для замежнікаў, вядомым персонам. Мо іх версіі прыдадуцца і складальнікам афіцыйнай культурнай праграмы Чэмпіянату? Такім чынам, што ж асаблівага “запланавалі” рэспандэнты?..

Вячаслаў БАНДАРЭНКА, пісьменнік, гісторык:

— Я прапанаваў бы гасцям Чэмпіянату свету як мінімум дзве культурныя праграмы — на іх выбар. Першая — для тых, хто ў Мінску ўжо бываў і сёе-тое ўяўляе пра горад. Назваў бы я яе “Мінск незвычайны” ці нават “Мінск загадкавы”, бо ў беларускай сталіцы ёсць цікавыя куткі, куды нага турыста ніколі не ступала, альбо людзі туды заходзілі выпадкова. Гэта, напрыклад, і раён Ратушы — не фасадная яе частка, мінскія двары; лесапарк у Драздах (я кажу першае, што прыйшло ў галаву)... Ёсць Мінск старадаўні, няхай яго і не так шмат, са сваімі сціплымі славутасцямі — не параднымі. Ёсць Мінск сучасны — без гасцініц і спартыўных арэн, але той, што адпавядае нашаму часу. На самой справе, горад захоўвае масу таямніц, і калі іх “смачна” падаць, то такія экскурсіі будуць заўсёды карыстацца попытам, а значыць — прыносіць грошы ў бюджэт. Другая ж праграма можа ўяўляць з сябе аглядавую экскурсію для тых, хто ў Мінску ўпершыню. Гэта такі марш-кідок па галоўных плошчах, вуліцах, парках, набярэжных і, натуральна, установах культуры…

Багдан ШВАЙБОВІЧ, прадзюсар:

— Што я дакладна не стаў бы прапаноўваць турыстам і спартсменам, дык гэта Мінск сучасны. У рэшце рэшт, пры ўсіх глабальных адрозненнях нашага горада ад гарадоў замежных такога ж статуса і прыкладна гэткага ж веку, яны мала чым паміж сабой непадобныя інфраструктурна — па вялікім рахунку, вядома. Я зрабіў бы акцэнт на беларускасці. Мяркую па сабе, бо мне цікавыя за мяжой, у першую чаргу, рэчы аўтэнтычныя, уласцівыя толькі той краіне, дзе я ў дадзены момант знаходжуся. Вось у нашу аўтэнтыку гасцей Чэмпіянату і трэба акунуць, паказаць ім “разыначкі”, характэрныя менавіта для нас, даць ім нацыянальны каларыт. Скончыўся дзённы матч — усіх па аўтобусах і адвезці ў які-небудзь замак. А там іх няхай чакаюць інсцэніроўкі, звязаныя з гісторыяй пэўнага краю. Ці спачатку арганізаваць экскурсію, а пасля яе — на вячэрнюю гульню. Людзі павінны атрымаць уяўленне пра Беларусь як пра незалежную краіну з надзвычай багатымі мінулым і традыцыямі.

Зразумела, што ўсе галоўныя славутасці госці паглядзець не паспеюць, значыць, трэба выбраць самыя-самыя з іх, абавязковыя для знаёмства. А “гарнірам” няхай стануць невялікія святы, флэшмобы, гульні, канцэрты беларускамоўнай песні, фольку, этнікі, народных танцаў. І такая атмасфера павінна ахутваць Мінск ва ўсе дні Чэмпіянату!..

Дзядзька Ваня (Іван ВАБІШЧЭВІЧ), спявак, тэлерадыёвядучы:

— Вядома, паміж хакейнымі матчамі, у вольныя ад іх дні, варта пракаціць турыстаў па пэўным “залатым кольцы”. Але паколькі менавіта Мінск стане цэнтрам баталій, то я правёў бы экскурсіі па Старым горадзе, запрасіў бы ў асноўныя музеі, паказаў бы сталіцу з дзвюх назіральных пляцовак — Нацыянальнай бібліятэкі і ля Свята-Духава кафедральнага сабора. А яшчэ абавязкова арганізаваў бы “рэйд” па клубах у той час, калі там выступаюць “жывыя” музыканты — унёс бы такім чынам прысмак андэграўнду, альтэрнатыўнасці ад знаходжання ў нашай сталіцы. Я і сам з задавальненнем сыграў бы да пачатку якога-небудзь матча, у яго перапынку і па заканчэнні. Выканаў бы з групай што-небудзь сваё, класіку сусветнага року і якія-небудзь “баявыя” песні з настроем рызыкі, спартыўнасцi, спаборніцтва — з куражом, карацей. Хакей — гэта ж рэальны рок-н-рол і драйв!..

Дзмітрый ШУНІН, шоўмен, тэлерадыёвядучы:

— Мая івэнт-фабрыка цяпер распрацоўвае праграму для нашага заказчыка, звязаную з гэтай спартыўнай падзеяй: ён хоча арганізаваць вечарыну для турыстаў і спартсменаў. Адкрыць адну карту з калоды? Добра, толькі адну. Забаўляць наведвальнікаў аднаго з мінскіх клубаў, дзе і пройдзе мерапрыемства, пра якое сказаў, мы запросім вядомых гарадскіх творчых фрык-асоб...

А ўвогуле, я ў гарадскім маштабе рабіў бы ўсё досыць стандартна: гасцям, па вялікім рахунку, хапіла б аглядавай экскурсіі па Мінску. Мой добры знаёмы, напэўна, ад няма чаго рабіць нядаўна пабываў на такой, і сцвярджае, што атрымаў масу задавальнення. Да ўсяго, тэлефануе ён мне і кажа: “Мы, мінчане, не ведаем свой горад — дзіўны і цудоўны”. Няхай замежнікі даведаюцца таксама!..

Сяргей ПРОХАРАЎ, тэлерадыёвядучы:

— Куды б я турыстаў не павёў адназначна, дык гэта ў "нацыяналку", што было б вельмі... банальна, пэўна... Прынамсі, многім мінчанам, мяркую, так можа падавацца. З іншага боку, і мае культурныя перавагі наўрад ці каго здзівяць. У першую чаргу, гэта Музей народнай архітэктуры і побыту, дзе столькі дзіўных хатак, цэркаўка, дый наогул дойлідства той самай старажытнай Беларусі. У маі ўсё гэта будзе выглядаць проста фантастычна! А якая там прырода, якое чыстае свежае паветра — вось дзе можна гуляць ды гуляць! Натуральна, варты ўвагі Музей старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткi”: там прапануюць выдатную пазнаваўчую праграму, ды і пакаштаваць страў ды напояў дадуць...

Па-другое, арганізаваў бы тур на Блакітныя азёры — ўзрушальна-прыгожыя мясціны, дзе спалучэнне рэльефу, лес, захаваны ў першапачатковым выглядзе, а ўмяшанне людзей у яго — мінімальнае. Затым прапанаваў бы шпацыр у лесапарк у Драздах (перад дамбай) з усімі вадаспадамі-каскадамі, сцяжынкамі, лыжаролернымi трасамi.

Гасцей запрасіў бы ў Нацыянальны мастацкі музей, а таксама ў Тэатр імя Максіма Горкага на спектакль “Аракул?..” па п’есе Андрэя Макаёнка “Зацюканы апостал”. А на канцэрт беларускай поп-музыкі не звадзіў бы, як і ў клубы...

Аксана ВЕЧАР, тэлевядучая:

— Я прапанавала б гасцям Чэмпіянату наведаць што-небудзь экзатычнае — напрыклад, мясціны, якія захавалі цнатлівую “здзічэласць”, першабытнасць, нешта спрадвечнае, скажам, глухія вёскі — з гнёздамі буслоў на слупах і дрэвах... А з архітэктуры ім варта паказаць, мабыць, Палац Пуслоўскіх, Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў, Мірскі замак…

Што да афіцыйнай культурнай праграмы, якая будзе прапанавана спартсменам і турыстам, то, як нам паведаміла менеджар па культурна-масавых праектах Дырэкцыі Чэмпіянату свету па хакеі Юлія Касьянава, яна знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Над чымсьці “чаруюць” партнёры форуму, натуральна, не бяздзейнічае і прымаючы бок. Прыемныя нечаканасці, запэўніла Юлія Віктараўна, будуць. Хочацца ў гэта верыць, бо старт найбуйнейшага сусветнага спартыўнага спаборніцтва, якое наша краіна прыме ўпершыню, няўмольна набліжаецца, а афіцыйная культурная праграма ўсё распрацоўваецца і распрацоўваецца... Прынамсі, зазірнуць у яе спрабуем не першы раз сваімі сіламі (згадайма хаця б апытанку дырэктараў мінскіх музеяў па начной праграме на час Чэмпіянату свету). Пакуль канкрэтыкі — не бачна. Паверце, мы ж не дзеля крытыкі, а таму, што агучванне нават праектных дэталей выкліча хвалю рацыянальных прапаноў і дапаможа насыціць комплекс мерапрыемстваў.

І, дарэчы, да старту Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску засталося 55 дзён. Усяго!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"