“Яблычны пірог” на ростанях дарог: плагіят або... патэнтны тролінг?

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Вярхоўны суд вынес вердыкт, але ён не выконваецца?..
Напрыканцы мінулага года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь скончыў разгляд беспрэцэдэнтнай для нашай краіны справы. Пісьменніца Наталля Голубева абвінаваціла сваю калегу Дзіяну Балыка ў плагіяце (ці, кажучы афіцыйнай мовай, “незаконнай перапрацоўцы”) уласных твораў і выйграла працэс. П’еса Балыка “Яблычны пірог” была прызнана “створанай на аснове” рамана і п’есы Голубевай “На ростанях дзвюх дарог”. Вырак суда такой высокай інстанцыі — канчатковы. Аднак у гэтай справе пакуль усё адно рана ставіць кропку. Па-першае, адказчыца катэгарычна не згодная з выракам і плануе накіраваць наглядную скаргу ў Генеральную пракуратуру. А па-другое — спектакль па п’есе “Яблычны пірог” па-ранейшаму знаходзіцца ў рэпертуары сталічнага Новага драматычнага тэатра, што ў перспектыве можа стаць прычынай новых судовых працэсаў.

Адпаведна, калятэатральны канфлікт, які развіваўся амаль па драматургічных законах (там ёсць і завязка, і паваротная падзея, і “пункт без вяртання”), мае ўсе шанцы пераўтварыцца ў серыял а-ля “Санта-Барбара”. Толькі... Каму гэта трэба?

Антыкрызісны драматург

Як гэта часта бывае ў п’есах, завязка была банальнай: “нішто не прадвяшчала” і г.д. У 2009-м выйшаў гістарычны раман Наталлі Голубевай “На ростанях дзвюх дарог”. У наступным годзе кніга была прадстаўлена на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Прэзентацыю ажывілі інсцэніроўкі некаторых эпізодаў, пастаўленыя рэжысёрам Наталляй Башавай. Першы досвед пераўтварэння прозы ў сцэнічную дзею аўтарка расцаніла як вельмі ўдалы.

— Людзі, чыё меркаванне я вельмі паважаю, раілі стварыць на базе рамана паўнавартасны спектакль, — кажа яна. — І сапраўды, яго тэматыка вельмі важная для нашага грамадства — нягледзячы на тое, што дзея адбываецца ў далёкім 1810 годзе. Галоўная ідэя — трэба пераступіць праз уласныя амбіцыі, пераадолець рознагалоссі і разам будаваць сваю незалежную краіну...

Раман памерам у 320 старонак завялікі для сцэнічнага ўвасаблення. Таму пісьменніца выбрала для інсцэніроўкі адну з сюжэтных ліній, дзе эпічны складнік (будаўніцтва Бабруйскай крэпасці і чаканне вайны з Напалеонам) пераплецены з лірычным — каханнем “у форме” трохкутніка.

Другая праблема, якая паўстала перад Наталляй Голубевай, — знайсці творчых хаўруснікаў і тэатральную пляцоўку для ажыццяўлення сваёй задумы. Па шэрагу прычын быў абраны Новы драматычны тэатр у Мінску. Так пачалося супрацоўніцтва пісьменніцы з яго тагачасным галоўным рэжысёрам Дзянісам Нупрэйчыкам.

— Галоўная ўмова — каб у спектаклі былі задзейнічаны толькі маладыя акцёры, учарашнія выпускнікі, — кажа Наталля Голубева. 

Неўзабаве акцёры былі прызначаны, для іх пашылі касцюмы, зрабілі “сцэнічную візітоўку” працягласцю ў 45 хвілін. Карацей, тэатральны працэс рушыў поўным ходам. Але... неўзабаве зайшоў у тупік. Як і варта было чакаць, абставіны гэтай сітуацыі абодва бакі тлумачаць па-рознаму. Па словах Нупрэйчыка, прычынай непаразумення стала тое, што пісьменніца не здолела прадаставіць яму якасны драматургічны матэрыял.

— Проза і драматургія будуюцца па розных законах, — кажа ён. — І п’есы на аснове рамана не атрымалася. Я параіў Наталлі Голубевай знайсці сабе суаўтара. Яна прапаноўвала мне ўзяць на сябе гэтую функцыю, але я адмовіўся, бо не з’яўляюся драматургам...

У сваю чаргу, Наталля Голубева не пагадзілася з падыходам рэжысёра да сцэнічнай інтэрпрэтацыі гістарычных падзей і скажэннем гісторыі ў імя тэатральнасці:

— Катэгарычна адмовілася фальсіфікаваць тыя вобразы і падзеі, што маюць рэальных прататыпаў. Я — кандыдат гістарычных навук, і ўжо хаця б таму лічу гэта недапушчальным. Раман “На ростанях дзвюх дарог” быў створаны на аснове архіўных матэрыялаў, некаторыя з якіх упершыню ўводзяцца ва ўжытак — напрыклад, дакументы інжынернай каманды. Лічу, “фэнтазі” кшталту “Чорнай панны Нясвіжа” — не лепшы спосаб папулярызацыі мінуўшчыны...

Па вялікім рахунку, падобныя творчыя непаразуменні — справа звыклая і, у пэўнай меры, нават нармальная. Яны ўзнікалі і будуць узнікаць да той пары, пакуль усе зацікаўленыя асобы не прыйдуць да кансэнсусу наконт таго, што ж такое добрая п’еса. Гэта значыць — да сканчэння свету. Самае ж важнае — знайсці максімальна бяскрыўдны алгарытм выйсця з такіх патавых сітуацый. У дадзеным выпадку задача была не з простых: спектакль пра заснаванне Бабруйскай крэпасці ўжо стаяў у рэпертуарным плане Новага драматычнага.

— Тэматычная прывязка была досыць жорсткай, і замяніць гэтую пастаноўку нейкай іншай мы не маглі, — дадае Дзяніс Нупрэйчык.

І менавіта ў гэтым эпізодзе ўпершыню з’явілася літаратарка Дзіяна Балыка. У ролі свайго кшталту “антыкрызіснага драматурга”.

— Дзяніс Нупрэйчык звярнуўся да мяне з просьбай выратаваць тэатр, на якім “гарэла шкура”, — распавядае яна. — Спектакль стаяў у плане, на яго было прадугледжана фінансаванне, вызначаны акцёры, пашыты касцюмы... Не было толькі п’есы. Таму я атрымала заказ стварыць яе ў сціслыя тэрміны. Падкрэслю: гэта тэатральны заказ з адпаведным тэхнічным заданнем. Тэматыка, акцёрскі склад і фінансавы каштарыс былі абумоўлены ад пачатку...

Паводле драматургічнай тэрміналогіі, адбылася паваротная падзея. Саспенс пакрысе ўзмацняецца...

“Пункт без вяртання”

Наталля Голубева шчыра не разумее, што ж такое “ТЗ на стварэнне п’есы”: маўляў, тэхнічнае заданне можа быць, скажам, на будаўніцтва кароўніка. У сваю чаргу, Дзяніс Нупрэйчык тлумачыць такі падыход самім характарам тэатральнага працэсу, які мае не толькі творчы, але і фінансава-вытворчыя складнікі.

У любым выпадку, з такім варыянтам развіцця падзей Наталля Голубева ніяк не магла пагадзіцца:

— Мне прапанавалі аддаць свой матэрыял Дзіяне Балыка. У адказ на маё пытанне, хто ж будзе лічыцца аўтарам п’есы, Дзяніс Нупрэйчык паведаміў: Дзіяна Балыка. Я тут жа з ім развіталася. На гэтым наша супрацоўніцтва скончылася...

Спектакль па п’есе Голубевай “На ростанях дзвюх дарог” быў пастаўлены Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Прэм’ера прайшла 21 чэрвеня 2012-га і была прымеркавана да 625-годдзя Бабруйска ды 200-годдзя крэпасці. Супрацоўніцтва з рэжысёрам Сяргеем Карбоўскім атрымалася ў Наталлі Голубевай больш прадуктыўным. І ўсё было добра, пакуль у пастаноўкі не з’явіўся "канкурэнт".

— Мне патэлефанавалі з Саюза пісьменнікаў Беларусі: маўляў, нам даслалі з Міністэрства культуры п’есу для заключэння на прадмет магчымасці пастаноўкі, і чамусьці падалося, што недзе мы ўжо гэта чыталі. Азнаёміўшыся з творам Дзіяны Балыка, я знайшла там свой сюжэт, сваіх герояў, свае рэплікі... Я ці не ўсё жыццё працую на ніве культуры, але з такім нахабствам сутыкнулася ўпершыню за сваю практыку...

“Яблычны пірог” быў “спечаны” ўсяго за два месяцы. Дзіяна Балыка не адмаўляе таго, што выкарыстоўвала раман Наталлі Голубевай у якасці адной з крыніц. Але тут жа дадае, што агулам “інгрэдыентаў” было нашмат больш — недзе з паўсотні. Усе крыніцы і сапраўды прыведзены ў бібліяграфіі п’есы.

Але сапраўдным “пунктам без вяртання” (па аналогіі з авіяцыяй, у драматургіі гэтым тэрмінам называюць момант п’есы, калі стан “усё як было раней” становіцца немагчымым), без сумневу, стала прэм’ера “Яблычнага пірага”. Па словах Наталлі Голубевай, яна неаднаразова перасцерагала тэатр, звяртала ўвагу на спрэчны статус спектакля супрацоўнікаў Міністэрства культуры краіны... Але прэм’ера ўсё ж адбылася. Неўзабаве распачаўся і судовы працэс. Прычым у якасці адказчыка яго ініцыятарка вызначыла не тэатр, а менавіта драматурга.

Задаў абодвум бакам канфлікту адно і тое ж пытанне: ці прапаноўвалі вы свайму апаненту паразумецца яшчэ да суда? Дзіўная рэч: абедзве літаратаркі адказалі станоўча.

— Я заняты чалавек, у мяне шмат важных спраў: сцэнарыі, праекты... — кажа Наталля Голубева. — І ўжо хаця б з гэтых меркаванняў я ўсяляк імкнулася прадухіліць судовы разбор. Калі б Дзіяна Балыка і тэатр выключылі ўсе запазычанні, ніякага працэсу не адбылося б. Але ейнае самалюбства, відаць, не дазволіла гэта зрабіць...

Прыблізна тое ж самае сказала і Дзіяна Балыка: маўляў, “недосуг было”. Тым больш, судовы разбор прыпаў на самы складаны перыяд  ейнай цяжарнасці:

— Даведаўшыся пра намеры Наталлі Голубевай, я звярнулася да медыятара — той асобы, якая лагодзіць канфлікты ў дасудовым парадку, — распавядае пісьменніца. — Было акурат 27 сакавіка, Дзень тэатра. Аднак калі медыятар патэлефанавала Наталлі Голубевай, тая проста кінула слухаўку...

Па словах відавочцаў, працэс праходзіў бурліва: усё ж творчыя людзі... Урэшце, суддзя прызначыла лінгвістычную экспертызу. Было адразу зразумела, што ад вынікаў апошняй у значнай меры залежыць вырак. У якасці экспертаў былі запрошаны кандыдаты філалагічных навук Аксана Шчарбакова і Сяргей Гаранін. Дзіяна Балыка выказала сумневы ў кампетэнтнасці гэтых спецыялістаў у галіне драматургіі ды прапанавала наўзамен іншыя кандыдатуры. Аднак суддзя да яе меркавання не прыслухалася.

Экспертыза працягвалася з красавіка па верасень. У выніку, быў вынесены вердыкт: “З пункта гледжання літаратуры і літаратуразнаўства, твор Балыка Д.В. не з’яўляецца самастойным аўтарскім творам і вынікам індывідуальнай творчасці, а створаным на аснове твораў Голубевай Н.А.”. Што ж прывяло спецыялістаў да гэтай высновы? Першы крытэрый — наяўнасць тэкстуальных супадзенняў у рамане і п’есе Наталлі Голубевай і драме Дзіяны Балыка. Як адзначана ў заключэнні экспертызы, яны маюць “характар перапісвання”.

У сваю чаргу, і Дзіяна Балыка, і Дзяніс Нупрэйчык настойваюць на тым, што такія супадзенні маюць выключна выпадковы характар: агульная мова з яе ўстойлівымі спалучэннямі слоў, агульны гістарычны “бэкграўнд”, урэшце, агульныя крыніцы... Аднак эксперты ў сваім заключэнні асабліва засяроджваюць увагу на тым, што “агульныя словы” (скажам, распаўсюджаныя метафары і моўныя штампы) у іх даследаванні не ўлічваліся. Урэшце, без каментарыяў прывядзём адзін прыклад “паралельных месцаў”:

“Яблычны пірог”: “Пан Якуб, откровенно говоря, вашего мнения никто и не спрашивал. От Палангена до Ягорлыка нет никаких серьезных укреплений. Под угрозу поставлена не только безопасность империи. Государственная казна теряет доходы!”

“На ростанях дзвюх дарог” (раман): “Под угрозу поставлена не только наша безопасность. Государственная казна теряет доходы. От Палангена до Ягорлыка нет никаких серьезных укреплений”.

Экспертыза выявіла 14 такіх эпізодаў — гэта трохі больш за 2% ад аб’ёму “Яблычнага пірага”. Параўнальны аналіз дзвюх п’ес прынёс яшчэ меншы “ўраджай”: усяго пару агульных фраз.

Але варта адзначыць, што заключэнне экспертаў было зроблена не толькі на падставе гэтых нязначных фрагментаў. Прааналізаваўшы вобразы герояў “Яблычнага пірага”, спецыялісты прыйшлі да высновы, што ледзь не кожны з іх мае “двайніка” ў п’есе Наталлі Голубевай.

Дзіяна Балыка з такім вердыктам катэгарычна не згодная. Ды звяртае ўвагу на тое, што ейная галоўная гераіня Яніна атрымалася зусім не ідэалізаванай — у адрозненне ад цнатлівай Ванды з “На ростанях...”. Гэта і сапраўды так: у п’есе Наталлі Голубевай слова “секс” не сустракаецца — як, зрэшты, і тое, што яно азначае...

— Яшчэ раз паўтаруся: я пісала п’есу паводле тэхзадання, колькасць герояў была ўжо вызначана, — кажа Дзіяна Балыка. — Мая задача — прыдумаць іх лёсы. І яны зусім не такія, як у герояў Наталлі Голубевай! Калі ў яе атрымалася барацьба паміж добрым і выдатным, то у мяне плятуць інтрыгі страшэнныя пачвары.

Урэшце, яшчэ адзін крытэрый ацэнкі: сюжэт. Эксперты налічылі ў рамане Наталлі Голубевай і п’есе Дзіяны Балыка ажно дванаццаць “падобных” эпізодаў: мужчынская размова пра будучыню краю, чаканне прыезду расійскіх інспектараў, тайны сход шляхты... Але аўтарка “Яблычнага пірага” лічыць гэтыя супадзенні таксама выпадковымі і... непазбежнымі:

— Ці не ўсе творы, дзеянне якіх адбываецца ў той гістарычны перыяд, утрымліваюць амаль аднолькавы падзейны шэраг: скажам, войны, любоўныя трохкутнікі, балі ў дамах вышэйшага саслоўя... Таму вы знойдзеце мноства супадзенняў маёй п’есы, скажам, з “Горам ад розуму”. Урэшце, цалкам абгрунтаваныя паралелі можна праводзіць паміж кім заўгодна. Мы з вамі таксама ў нечым падобныя...

Што да гістарычнага кантэксту... Наталля Голубева выказала прэтэнзіі да яго адлюстравання ў “Яблычным пірагу”. Прыкладам, месцічаў там блытаюць з сялянамі (гутарка вялася пра адсяленне жыхароў для будаўніцтва крэпасці), а рускія афіцэры зачытваюць няісны царскі ўказ. Па словах Наталлі Голубевай, начальнік работ па ўмацаванні Бабруйска Гаўрыіл Ігнацьеў праявіў сябе як руплівы і самааданы ўрадавец. А ў п’есе Дзіяны Балыка фігуруе “гораданачальнік Бабруйска” (насамрэч, такой пасады тады не існавала ў прыродзе) пан Якуб — “сарамлівы зладзюга”, улюбёны ў свой яблычны сад.

Аўтарка “...Пірага” не схільная бачыць паміж дзвюма постацямі (гістарычнай асобай і літаратурным героем) хоць якія паралелі, заяўляючы пра тое, што пан Якуб ніякіх пратыпаў не мае і з’яўляецца яе літаратурнай выдумкай:

— Я пісала п’есу-прыпавесць пра лёс Беларусі ва ўсе часы. Той канкрэтны перыяд, у якім адбываецца дзея, абумоўлены перадусім умовамі заказу. Адпаведна, пан Якуб — гэта зборны вобраз...

Так, Дзіяна Балыка мае права на такі падыход: у гісторыі літаратуры нямала прэцэдэнтаў скажэння рэальных фактаў у мастацкіх мэтах, некаторыя нават лічацца геніяльнымі. Але калі твор заяўлены ў жанры як “гістарычная драма” (а зусім не прыпавесць), такія вольнасці могуць стаць нагодай для крытыкі.

Зрэшты, ад яе ўжо даўно выпрацавана эфектыўная панацэя: прыём пад умоўнай назвай “горад N” забяспечвае аўтарам стопрацэнтнае алібі. Вось і “застенчивый ворюга” Альхен з “Дванаццаці крэслаў” жыў ва ўяўным Старгарадзе. Бо калі б яго пасялілі, скажам, у рэальным Ноўгарадзе, рэпутацыя ўсіх тамтэйшых “завхозов” адразу істотна пагоршылася б. Мабыць, з той самай прычыны і Караткевіч зусім не атаясамліваў “чорны замак Альшанскі” з парэшткамі замка ў Гальшанах: каб не крыўдзіць ні гісторыю, ні сучаснасць. Таму калі замяніць Бабруйск, скажам, на Барсучын, абвінавачванні ў фальсіфікацыі мінуўшчыны можна адразу адрынуць. Тым не менш, у п’есе “Яблычны пірог” фігуруе менавіта Бабруйск...

У чаканні развязкі

Без сумневу, кульмінацыяй дзеі стаў вырак суда. Далей справа мелася ісці да развязкі, але... Апошняя пакуль нават не праглядаецца.

Суд задаволіў патрабаванні Наталлі Голубевай толькі часткова — па адным з некалькіх іскаў. Ісціца сама зменшыла суму кампенсацыі: з 75 мільёнаў да амаль сімвалічных 10 “базавых”. Паводле ейных слоў, каб не крыўдзіць маладую маці, якой Дзіяна Балыка стала пад час зацягнутага працэсу.

Зрэшты, апошняя не згодная нават з такім рашэннем і параўноўвае дзеянні свайго апанента з патэнтным тролінгам — высмактанымі з пальца іскамі да буйных кампаній, якія маюць на мэце адхапіць у іх “кавалак пірага”. Ды лічыць, што быў створаны небяспечны прэцэдэнт:

— Дачуўшыся пра яго, кожны графаман можа падаць у суд на вядомага аўтара — прыкладам, абвінаваціць у плагіяце рэфрэна з песні “Без тебя...”. Мяне акурат і абвінавацілі ў нечым падобным. Урэшце, наступіць прававы апакаліпсіс, усе суды будуць завалены непатрэбнай работай...

У сваю чаргу, Наталля Голубева занепакоена адваротным — неабароненасцю аўтара перад тымі, хто хоча ў яго нешта “запазычыць”. Слова “плагіят” амаль адсутнічае ў лексіконе айчынных нарматыўных актаў, таму і юрыдычная база для падобных разбіральніцтваў вельмі слабая.

— А даведаўшыся, колькі каштуе падаць іск у суд, творца зусім апускае рукі ды ціха мірыцца са сваёй крыўдай, — дадае Наталля Голубева.

Але ці не самым важным у дадзеным выпадку з’яўляецца лёс спектакля. Усё ж на яго былі патрачаны і бюджэтныя грошы, і творчыя высілкі трупы тэатра. Дзяніс Нупрэйчык згадвае выпадак, калі адзін з акцёраў зламаў нагу, але ўсё адно выходзіў на сцэну — у прыхаваным пад касцюмам гіпсе!, — каб толькі не зрываліся паказы.

— Пакуль мы яшчэ не прынялі канчатковае рашэнне наконт будучыні спектакля, — кажа дырэктар Новага драматычнага Васіль Марцецкі. — Натуральна, яно залежыць ад далейшага развіцця падзей...

Наталля Голубева ўжо звярталася з гэтай нагоды ў розныя інстанцыі, але вынік яе пакуль не задаволіў. Прыкладам, намеснік мэра Мінска Ігар Карпенка адказаў: паколькі спектакль карыстаецца папулярнасцю, пытанне яго вывыду з рэпертуару на сёння не разглядаецца.

Наступныя паказы “Яблычнага пірага” запланаваны на красавік: дырэктар лічыць, штода канца сезона пастаноўка павінна дажыць.

— Спектакль і сапраўды карыстаецца попытам, білеты раскупляюцца вельмі добра, — распавёў Васіль Марцецкі. — І калі мы не паставілі яго ў рэпертуар на сакавік, адразу пачаліся тэлефанаванні занепакоенай публікі.

Аднак Наталля Голубева не лічыць такія аргументы вычарпальнымі і таму не збіраецца спыняцца:

— Па ідэі, мне трэба падаваць у суд на тэатр. Прынамсі, хацелася б пачуць ад яго кіраўніцтва, чаму за дзяржаўныя грошы, за грошы падаткаплацельшчыкаў — у тым ліку і мяне, — у тэатры ажыццёўлена пастаноўка спектакля на матэрыяле, чыю запазычанасць прызнаў Вяхоўны суд Беларусі. І чаму нават па сёння Дзіяне Балыка выплачваюцца аўтарскія адлічэнні за кожны спектакль, не кажучы ўжо пра тое, што тэатр купіў гэтую п’есу ў аўтара....

Дзіяна Балыка адрэагавала на рашэнне суда неадынарным чынам:

— Я накіравала ў тэатр новую, удакладненую версію п’есы і ўказала, што яна напісана па матывах твораў Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Антона Чэхава, Льва Талстога, Аляксандра Грыбаедава, Янкі Купалы, Наталлі Голубевай ды іншых. І яно сапраўды так. Я не ствараю свае творы ў сферычным вакууме: гэта падаецца мне непрафесійным у цяперашні век інтэртэкстуальнасці. Тонкія алюзіі на тэксты папярэднікаў з’яўляюцца прыкметай не другаснасці, а літаратурнага майстэрства...

Цяжка прагназаваць, ці задаволіць такое тлумачэнне яшчэ патэнцыйны пакуль суд. Але ясна адно: было б добра, каб суда ўвогуле не было. “Хэпі-энд” для дадзенага сюжэта — гэта ўсё ж мірная развязка. Зразумела, у рамках прававога поля.

Наталля Голубева таксама цалкам “за” такі варыянт ды кажа, што прынцыпова супраць спектакля нічога не мае. І калі ён пазбавіцца “запазычанасцей” — хай сабе і далей жыве. Той аргумент, што на яго былі патрачаны дзяржаўныя грошы, мае для пісьменніцы вялікае значэнне. Урэшце, варта яшчэ раз нагадаць, што спектакль — гэта плён працы не толькі рэжысёра і драматура, але і ўсяго тэатра: акцёраў, мастакоў, асвятляльнікаў... І калі глядач застаўся задаволены ды “галасуе рублём”, значыць, каманда спрацавала добра. Ці выпадае адмаўляцца ад свайго “дзіцяці” — тым больш, пры такіх шкодных для рэпутацыі абставінах?

Дык мо абодвум бакам варта прыйсці да паразумення? Прыкладам, не пашкадаваць часу на тое, каб унесці ў пастаноўку карэктывы, пазбавіўшы яе ўсіх прыкмет “другаснасці”. Па словах Васіля Марцецкага, рэдагаваць спектакль вельмі складана — хаця б таму, што яго рэжысёр Дзяніс Нурэйчык у тэатры больш не працуе. Але тым не менш... наўрад ці гэта зусім немагчыма.

А калі адносіны паміж героямі нашага артыкула сталі настолькі заблытанымі, што наладжванне прадуктыўнага дыялога падаецца справай нерэальнай, можа, ёсць сэнс запрасіць нейкіх аўтарытэтных “трацейскіх суддзяў” — экспертную камісію, якая складалася б як з юрыстаў, так і з тэатразнаўцаў?

Любы пісьменнік ведае: трэба ўмець своечасова паставіць кропку. У гэтай гісторыі той момант, падобна, наспеў. А назапашаны пад час судовага разбору матэрыял пісьменніцы, хочацца верыць, скарыстаюць ва ўласнай творчасці. Балазе сюжэт атрымаўся цікавы. Ды і ўвогуле... Трэба ж, каб быў хоць які “профіт” ад патрачаных сілаў ды нерваў.