Рэпліка пра праекты раёнаў

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”:
— Рагачоўскі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі заслужана можна назваць рэкардсменам па атрыманні грантаў для рэалізацыі розных сацыяльна-культурных праектаў. Пра кожны з іх мы паведамлялі цягам мінулага года. Але і сёлета праектная дзейнасць у раёне не спыняецца. Гэтым разам пад прыцэл крэатыўшчыкаў трапіла вёска Збараў, а дакладней — мясцовы СДК.

/i/content/pi/cult/470/9987/4-114.jpgПраект, як кажа кіраўнік аддзела Міхаіл Зайцаў, носіць адукацыйны характар. Пад яго ажыццяўленне ўжо выдаткавана шэсць тысяч еўра. У сельскім Доме культуры мяркуецца стварыць інтэрактыўны музей лекавых траў і адрадзіць нацыянальную традыцыю збору і выкарыстання самых розных зёлак і чайных настояў для фіталячэння.

А сам будынак СДК, як сцвярджае Міхаіл Зайцаў, запланавана распісаць з дапамогай жывапісцаў і прыхільнікаў графіці. Жаданне паўдзельнічаць у гэтым праекце выказалі мастакі не толькі з раёна ды вобласці, але і з Мінска.

У Збараве былі калісьці замкавыя збудаванні, але яны не захаваліся. Аднак пэўныя згадкі пра іх знешні выгляд у мясцовых краязнаўцаў засталіся. Знешні замкавы дэкор і будзе па магчымасці адноўлены на сценах будынка Збараўскага дома культуры.