У пошуку дыялога з чытачом

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Міжнародная выстаўка-кірмаш “Кнігі Беларусі-2008”, якая пройдзе з 6 па 11 лютага ў павільёне выставачнага комплексу “БелЭКСПА”, будзе яшчэ больш насычанай на падзеі, чым папярэднія: сёлета яна юбілейная — пятнаццатая, і гэтая акалічнасць абавязвае.

 /i/content/pi/cult/147/998/Vystava-knigi.jpg
Сапраўды, як адзначыў карэспандэнту “К” намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Лапцёнак, такія спадзевы маюць пад сабой падставы. Праграма выстаўкі больш маштабная, чым у мінулыя гады. А галоўная яе адметнасць заключаецца ў тым, што сёлета Ганаровым госцем форуму стане Ізраіль.
— Раней у гэтай якасці зазвычай фігуравалі нашы бліжэйшыя суседзі, — сказаў Ігар Мікалаевіч. — А гэтым разам наведвальнікі выстаўкі здолеюць пазнаёміцца з кнігавыданнем і літаратурай краіны, што мае адрозныя ад нашых культуру і менталітэт. І знаёмства гэтае не будзе павярхоўным. На выстаўку маюць прыехаць вядомыя ізраільскія кнігавыдаўцы, пісьменнікі, журналісты. Усяго будзе прадстаўлена каля 800 назваў выпушчанай там кніжнай прадукцыі.
Зрэшты, не будуць пакрыўджаны ўвагай і выдаўцы з Расіі і Украіны. Ды і айчынныя “нашчадкі Скарыны” падрыхтаваліся да прэзентацыі плёну сваёй дзейнасці. Праграма выдавецтва “Мастацкая літаратура” на выстаўцы будзе вельмі насычаная. Па словах намесніка яго галоўнага рэдактара Віктара Шніпа, разлічана яна на кожны з выставачных дзён і ўключае нямала разнастайных мерапрыемстваў. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на кнігу “Мы дзеці твае, Беларусь”, выданне якой было прымеркавана да Года дзіцяці.
Пад музыку струннага квартэта “Капрыз” прэзентуе свае навінкі выдавецтва “Беларусь”. Гэта другі том фундаментальнай працы Барыса Лазукі “Гісторыя беларускага мастацтва”, “Жаночы касцюм Беларусі” Валянціны Бялявінай, “Мастацтва кнігі ХХ стагоддзя” Міхаіла Баразны, “Мінск сто гадоў таму” Захара Шыбекі. Кожны, каму ўжо давялося патрымаць у руках гэтыя кнігі, засведчыць, што навуковая грунтоўнасць матэрыялу спалучана з выкшталцоным выдавецкім увасабленнем.
Увогуле, на стэндах выдавецтва будзе прадстаўлена 30 — 40 назваў кніг.
Па словах загадчыка рэдакцыі па выпуску фотаальбомаў выдавецтва “Беларусь”  Сяргея Пешына, практыка сведчыць за тое, што прэзентацыі кніг прыносяць добры плён у маркетынгавай працы выдавецтва, дапамагаючы знаходзіць новых чытачоў.
— Многія наведвальнікі падобных выставак здзіўляюцца, даведаўшыся, што на Беларусі выходзяць такія якасныя і грунтоўныя кнігі, — адзначыў ён.
І сапраўды, адна з фундаментальных мэт выстаўкі — папулярызацыя не толькі кніжных навінак, але і чытання як такога, пошук і паглыбленне дыялога з зацікаўленай аўдыторыяй.
Па словах І.Лапцёнка, сёлета гэтай мэце маюць паслужыць шматлікія семінары, “круглыя сталы”, сустрэчы з вядомымі аўтарамі, якія пройдуць не толькі ў выставачным павільёне, але і на іншых пляцоўках. Дадатковым спосабам заахвочвання аўдыторыі стане тое, што сёлета ўваход на выстаўку ўпершыню будзе вольным. І гэтая, бадай, беспрэцэдэнтная для еўрапейскага досведу акалічнасць, без сумневу, паспрыяе папулярнасці імпрэзы.