Раскрыйце фотакалекцыі!

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

“Ноу-хау” адной нестандартнай выстаўкі
“Палата для афіцэраў” — памятаю, так называўся фільм французскага рэжысёра Франсуа Дзюпейрона, у якім мне давялося ўбачыць незвычайны, надзвычай далікатны погляд на памяць пра Першую сусветную вайну. Гаворка ў карціне ішла пра маладога лейтэнанта, які, патрапіўшы пад выбух снараду ў час разведкі, атрымаў траўму твару. Ачуняўшы ў шпіталі, француз адчуў сваю непаўнавартаснасць не толькі праз боль, але і праз рэакцыю на ягоны выгляд іншых — як змяняліся твары людзей, калі яго бачылі. Траўма як памяць, і пазбаўленне яе праз прыняцце сябе ў новай якасці — такім чынам даследаваў тэму рэжысёр.

/i/content/pi/cult/470/9976/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/470/9976/13-3.jpg

Пад час выстаўкі “Беларусь у Першай сусветнай вайне”, якая праходзіла ў Нацыянальным гістарычным музеі нашай краіны, яе стваральнікі далі наведвальнікам падобны шанц: убачыць трагедыю, што адбывалася на нашых землях у 1915 — 1918 гг., зазірнуўшы на абліччы беларусаў тых часоў. Гаворка пойдзе пра разуменне магчымасцей фота і яго выкарыстання. Гаворка — пра майстар-клас, скарыстацца якім варта многім музейным установам, што, маючы ў сваіх фондах фотакалекцыі, часам не здольныя раскрыць іх мастацкую сілу напоўніцу.

Чаму прарыў?

Выстаўка, у якой задзейнічаны фатаграфіі з фондаў пяці музеяў рэспублікі і збораў двух прыватных калекцыянераў, без перабольшання, з’яўляецца прарывам у айчыннай экспазіцыйнай культуры. Нягледзячы на азначэнне “планшэтная выстаўка”, фатаграфіі размешчаны на адмысловай, зручнай для збору і транспарціроўкі, канструкцыі. Рашэнне экспазіцыі, парадак размяшчэння работ — усё фарміруецца ў складанае, багатае на трактоўкі ды сэнсы, выказванне. Фатаграфія тут выкарыстоўваецца не проста як дакумент, візуальная крыніца інфармацыі, але і як выразны мастацкі сродак, здольны выклікаць узрушэнне і спагаду, распавядаць тонка, далікатна і, разам з тым, трапна.

Нельга не адзначыць і тэхнічныя магчымасці экспазіцыйных сродкаў. Планшэт, на якім размешчаны работы, прапануе розныя фарматы прэзентацыі фатаграфій, і пэўныя з іх маюць адмысловы светлавы “акампанемент”: “акенцы”, дзе размешчаны фота, падсвечваюцца, што дапамагае разгледзець самыя дробныя дэталі выявы. Невыпадкова на выстаўцы гледачам прапаноўвалі маленькія лупы: якасць здымкаў пераўзыходзіла ўсе чаканні, нават дазваляючы казаць пра пэўны 3D-эфект ад павелічэння выявы.

Усё разам — канцэпцыя экспазіцыі, матэрыял, тэхнічны ўзровень — не склалася б у праект падобнага класа, каб у выстаўкі не было куратара. Ім у дадзеным выпадку стаўся фатограф і дырэктар Цэнтра фатаграфіі ў Мінску Аляксей Шынкарэнка, які, па словах дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Алега Рыжкова, з выканаўцы праекта вырас у паўнавартаснага куратара.

Са свайго боку, Аляксей прызнаўся, што выстаўка сталася для яго магчымасцю пазнаёміцца з унікальнымі фотаальбомамі, матэрыяламі, якія знаходзяцца ў нашых музеях. “І гэта сапраўды ўнікальныя артэфакты, вартыя асобнага выдання!” — падкрэсліў ён, выказаўшы спадзеў на тое, што сёлетняя дата стане нагодай правесці пэўную “інвентарызацыю” фондаў і паказаць, “ажывіць” тыя найкаштоўнейшыя рэчы, якія захоўваюцца ў музеях.

У гэтым сэнсе стваральнікі выстаўкі акурат і зрабілі акцэнт на здольнасці фатаграфіі “ажыўляць” мінулае — на моманце ўспрыняцця яе як спосабу далучэння да падзеі. Што адчувае глядач пад час разглядвання фота? Вядома, ён нібыта паглыбляецца ў мінулае, становіцца яго сведкам.

— Мы і імкнуліся перадаць гэтае адчуванне, ствараючы адмысловы кантэкст, — тлумачыць куратар сваю задачу. — Гэта выстаўка пра чалавека, які трапіў у сітуацыю вайны...

Але вайна на выстаўцы прадстаўлена не як звод сведчанняў і дэманстрацыя баталій, крыві, а як час хаосу ды страт, час бяды, абсурду і смерці. І гэты падыход пакідае поле для ўяўлення трагедыі, што ўзрушае больш, чым “лабавыя” здымкі.

Вачыма сведкі

Якім жа чынам адбываецца расповед? Экспазіцыя складаецца з пяці раздзелаў: “Мірны час” (1900 — 1914); “Ваенны час” (1915 — 1918), які дзеліцца на тры падраздзелы: “Знакі вайны”, “Бежанства”, “Паміж жыццём і смерцю”; “Акупацыя (1915 — 1918)”, “Зямля OberOst” і “Перамір’е” (1918).

Пачынае расповед фатаграфія дзяўчыны ў прыгожым строі, якая трымае ў руках букет кветак.

— Я выбраў гэты здымак, таму што ён даволі нетыповы для кадраў таго часу, калі фатограф успрымаўся як чужы чалавек, своеасаблівы прыхадзень, і людзі на здымках звычайна трымаліся насцярожана, — каментуе Аляксей Шынкарэнка. — Але на гэтым фота дзяўчына ўсміхаецца. І яе адкрытасць ды прыгажосць падалася мне сімвалічнымі: яна — сімвал Беларусі...

Сапраўды, раздзел “Мірны час” — гэта выявы мірнага жыцця беларусаў, працы, калі на полі працавалі талакой і, як падаецца па загарэлых тварах сялян, з песняй ды жартам. У раздзеле можна ўбачыць і гарадскія відарысы. Звычайнае жыццё беларускіх гарадоў, дзе працуюць школы, гамоняць кірмашы, гараджане кудысьці спяшаюцца... Іх выявы прадстаўлены ў паштоўках, выдадзеных у Расійскай імперыі да Першай сусветнай вайны.

І затым — на кантрасце — фатаграфія выбуху.

— Яна — з унікальнага альбома рускага доктара, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, — каментуе куратар выстаўкі. — Што мы бачым на гэтым здымку? Адзінокі салдат, які глядзіць кудысьці ў няпэўнасць, у твар пагрозе... І яна таксама для мяне — сімвал трывогі, знак няпэўнасці, знак бяды, з якім сутыкнуўся наш край...

Вайна — як інтэрвенцыя не толькі ў жыццё чалавека, але і ў прыродныя ландшафты, у навакольны свет. І раздзел паказвае гэтае ўварванне — праз фатаграфіі разбураных вёсак, папялішчаў, пакінутых паселішчаў, праз сляды ад выбухаў. І тут жа — успрыняцце той навалы.

Перада мной — фотаздымак групы салдат, якія стаяць у варонцы, што ўтварылася ад выбуху снараду.

— Аўтарства здымка належыць штабс-капітану арміі Расійскай імперыі Мікалаю Гагену, тры альбомы якога таксама знаходзяцца ў фондах Гістарычнага музея, — звяртае ўвагу куратар на каштоўныя артэфакты. — Альбомы, што цікава, утрымліваюць і ўласнаручныя подпісы капітана да здымкаў, якія ўтвараюць незвычайны эфект: вылучаючыся нейтральнай інтанацыяй, яны ствараюць мастацкі рэзананс. Напрыклад, калі пад выявай, якая нас шакуе, бачыш спакойны подпіс: “Чарговы абстрэл выклікаў пажар”. Або: “Загінулы ў выніку чарговага абстрэлу”. Ці можаш знайсці фотаздымак, напэўна, яго сяброў у варонцы ад выбуху... Вайна, што стала паўсядзённасцю. Вайна як абсурд...

У адным з наступных нумароў "Культура" распавядзе пра тэматычнае напаўненне выстаўкі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"