Выйсце: рост заробку і жыллё

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Сяргей СЯЎКО, Астравецкі райвыканкам:
Увод АЭС у Астраўцы не толькі павялічыць геаграфічныя межы ды эканамічныя магчымасці райцэнтра, але і якасна зменіць сацыяльна-культурнае аблічча прымежнага кутка Беларусі. Гэта — ява, скажам, заўтрашняга дня. А сёння, пад час будаўніцтва аб’екта, мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі змушаны аператыўна вырашаць шэраг праблемных пытанняў, звязаных з пераарыентацыяй раёна.

/i/content/pi/cult/470/9975/12-4.jpg— Галоўны наш клопат на сёння — захаванне кадраў. Нават выкладчыкі музычнай школы імкнуцца змяніць прафесію і ўладкавацца рабочымі на будоўлю атамнай станцыі. Плацяць там, натуральна, больш. Як можна спыніць адток спецыялістаў? Існуюць два спосабы: павялічыць заробак нашым творцам і прадаставіць сацыяльныя гарантыі атрымання жылля, уладкавання дзяцей у дзіцячы садок...

Хтосьці можа падумаць, што ў апошнім кірунку хоць нешта ды можна зрабіць. Але ўявіце, колькі рабочых занята на ўзвядзенні аб’екта. Для нашых маладых спецыялістаў не тое што кватэр — інтэрната няма. Я на сёння, да прыкладу, і два дзясяткі маладых спецыялістаў узяў бы, але іх няма куды пасяліць. Інтэрнаты не будуюцца, а месца ў кватэры зняць немагчыма з-за дарагавізны. Натуральна, робім усё, што ад нас залежыць. А залежыць няшмат...

На нашы заробкі хто толькі з калег ні наракаў. Нехта можа падумаць, што заробкі гэтыя можна павялічыць за кошт нашага пазабюджэту. Можна, але толькі ў тым выпадку, калі пазабюджэтная дзейнасць прыносіць прыбытак. А ён ніколі не быў вялікі. Кошт на білеты мы не можам ужо павялічваць (нават пры наяўнасці фуршэтнага стала пад час мерапрыемства), бо плацежадольнасць жыхароў раёна — не бясконцая. Безумоўна, імкнёмся выкарыстаць пазабюджэтныя грошы для матэрыяльнага стымулявання кадраў, але ж і тэхніку сваю мы павінны абнаўляць рэгулярна. Вось купілі, да прыкладу, кінапраектар за сто мільёнаў рублёў... Нават калі штосьці набываем з бюджэту, то грошы гэтыя бяром потым з пазабюджэтных сродкаў ды вяртаем у бюджэт…

Павялічыць заробак работніку культуры можна за кошт кантрактаў: кагосьці звольніць, а камусьці павысіць зарплату. Але… У 2005 годзе ў нас было 60 устаноў культуры, на сёння іх — 38. Інакш кажучы, аптымізацыя і скарачэнне спецыялістаў вялікіх дывідэндаў нам не прынесла.

Не, кадравае ядро ў нас засталося. Гэта самыя адданыя справе людзі. Яны ведаюць, калі мы не прапануем рабочым АЭС свае канкрэтныя паслугі, тыя рабочыя самі знойдуць, чым заняцца. Значыць, патрэбны новыя цікавыя творчыя праекты. Менавіта такім стаў маладзёжны конкурс “Зоркавы дождж”. Па выніках двух мінулых мерапрыемстваў пяць іх удзельнікаў засталіся працаваць у сферы раённай культуры. Аналагічны конкурс арганізоўваем і сярод навучэнцаў музычных школ. Шмат цікавага ладзіцца і на сяле. Пра наш міжраённы конкурс “Што? Дзе? Калі?” нядаўна пісала “Культура”. Такі няспынны творчы працэс аб’ядноўвае нашых работнікаў. Не так іх шмат засталося, а аб’ём працы — нязменна расце. І менавіта творчасць дае нам новыя сілы для таго, каб людзі верылі нам, не гублялі аптымізму, бачылі перспектыву…

Стараемся не запускаць матэрыяльную базу. Мінулы год тут стаў паказальным. Чатыры з паловай мільярды рублёў было выдаткавана на рамонты ўстаноў з раённага бюджэту (іншых крыніц грашовых паступленняў проста не маем). Прычым 170 мільёнаў рублёў асвоілі на рамонтных работах гаспадарчым спосабам...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"