“Шанцільі” ды “крэп-жаржэт”

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

У сценах Мірскага замка дэманструюцца перліны моды. Тут да канца мая працуе выстаўка “Дух часу і раскошы: мода і стыль 1820 — 1920 гадоў” з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага. Шыкоўныя сукенкі з тканін, назвы якіх сёння ведаюць хіба што гісторыкі моды, вытанчаныя туфлікі і капялюшыкі, аксесуары. Экспазіцыю дапаўняюць выявы прыгажунь на здымках ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў тагачасных модных строях... Усё гэта — як вандроўка ў забытае мінулае ці нават у нейкі “паралельны свет”.

/i/content/pi/cult/470/9972/14-6.jpg

Веер з косці, паперы і шоўку, аздоблены ручным роспісам.

/i/content/pi/cult/470/9972/14-8.jpg

Так званы кашалёк скнары.

/i/content/pi/cult/470/9972/14-9.jpg

Набор для парфумы прадстаўніцы роду Радзівілаў.

/i/content/pi/cult/470/9972/14-10.jpg /i/content/pi/cult/470/9972/14-11.jpg

Вясельная сукенка з Нью-Ёрка. Фота 1913 г.; Вясельная сукенка 1890-х гадоў.

/i/content/pi/cult/470/9972/14-5.jpg

Адзін з узораў жаночых боцікаў.

На выстаўцы мы бачым стыль, заканадаўцам, замоўцам і спажыўцом якога была эліта сапраўдная, чый бездакорны, выпрацаваны стагоддзямі густ падмацаваны важкай “маргалейкай з чырвонцамі”. Тое дазваляла замаўляць строі і аксесуары хоць у Парыжы, хоць у Лондане, хоць у мясцовых адмыслоўцаў, якія зусім някепска арыентаваліся ў сусветных трэндах і маглі скласці канкурэнцыю замежным імёнам. А паколькі асноўныя рысы стылю ўсё адно прысутнічаюць ва ўсіх ягоных цэнавых градацыях, тая прыгажосць у пэўных праявах была даступнай і для людзей з меншым прыбыткам — сярэдняму класу.

У анатацыі да выстаўкі калекцыянер зазначае: “Зараз цяжка паверыць, што на вуліцах нашых гарадоў, на свецкіх раўтах і балях ззялі, нібы зоркі, дамы ў крыналінах з пералівістага залатога натуральнага шоўку, упрыгожанага найтанчэйшымі чорнымі карункамі “шанцільі”, якія і ў рукі страшна браць, бо яны бязважкія, як паветра, і нібыта вытканыя з ранішняга вераснёвага туману… А такі матэрыял, як “крэп-жаржэт”… Неверагодна, але ўся сукенка, пашытая з гэтага тонкага матэрыялу, хаваецца ў сціснутых далонях. Як можна ўявіць пяшчотнасць натуральнага мусліну або тафты па малюнку ці фатаграфіі? А вартую захаплення работу парыжскіх мадыстак ХІХ стагоддзя, дзе кожны сцяжок і кожная складачка сукенкі былі вывераны па міліметры? І ўсё гэта, адзначым, без камп’ютарнага мадэлявання...”

Такая выстаўка ў нашай краіне — першая. Сурмачэўскі, распавядаючы, як стваралася калекцыя, сказаў, што побыт шляхты заўжды цікавіў яго як найвышэйшае дасягненне матэрыяльнай культуры эпохі. Пры гэтым не апошнюю ролю адыгрывала і асабістая матывацыя: Ігар Сурмачэўскі спадчынна сам належыць да шляхты і радавод ведае.

На жаль, у 1980-х, калі ён пачаў збіраць калекцыю, набыць унікальныя ўзоры ў Беларусі было досыць праблематычна. Цэлы пласт знік у варунках нашай гісторыі. Давялося шукаць у антыкварных крамах сумежных краін, на аўкцыёнах далёкага замежжа. Пошук той быў мэтанакіраваны, таму выпадковых рэчаў у калекцыі няма. Кожная з іх вартая быць перлінай у славутых зборах. Напрыклад, аналагі жаночага галаўнога ўбору з рускай Поўначы (срэбраная нітка, рачныя перліны, бісер) з ягонага збору знаходзяцца ў маскоўскім Крамлі і Метраполітэн-музеі ў Нью-Ёрку. Кожны музей ганарыўся б і такой рэліквіяй, як набор для парфумы вялікай княжны Вольгі Мікалаеўны Раманавай (1895 — 1918) са шкла і срэбра.

Фотаздымкі, прадстаўленыя на выстаўцы, маглі б скласці самадастатковую экспазіцыю, але ж вельмі пасуюць і дадзенаму кантэксту. Зразумела, цікава пабачыць, як выглядалі жанчыны ў такіх шыкоўных строях. Але ж у той час наведванне фотаатэлье было падзеяй такога ж кшталту, як візіт да мастака. Фотапартрэт рабіўся паводле канонаў параднага жывапіснага партрэта, і замоўца ставіўся да яго гэтак жа сур’ёзна, бо выяву мусілі пабачыць унукі і праўнукі. У пэўным сэнсе, гаворка ішла пра далучэнне да вечнасці. Магчыма, самы кранальны артэфакт выстаўкі — вясельная сукенка 1913 года, побач з якой — фотаздымак нявесты, апранутай менавіта ў названы строй.

Першыя, хто даў высокую ацэнку экспазіцыі “Дух часу і раскошы...”, — гэта калегі мірскіх музейшчыкаў: супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея. Яго намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Надзея Усава шчыра сказала, што, хоць пэўны час Мірскі замак быў філіялам НММ, сёння колішняя “метраполія” не без зайздрасці сочыць за выставачнай дзейнасцю Міра, а дадзеная экспазіцыя — дык проста вартая захаплення!..

Гаварылася і пра тое, што звычайнаму гледачу гэтая выстаўка — радасць для вока, а для асоб, дасведчаных у гісторыі моды, яшчэ і свята для душы. Дарэчы, некаторыя з яе экспанатаў мяркуе набыць музей “Замкавы комплекс “Мір”. Так што ў нейкай перспектыве іх змогуць пабачыць і тыя, хто не здолее трапіць на выстаўку “Дух часу і раскошы...”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"