Гродна — гэта...Троя!

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Выстаўка “Гродзенская Троя”, што адкрылася ў Дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі абласнога цэнтра, паказала знаходкі з раскопак старажытнай Гародні. Тут можна пазнаёміцца з гісторыяй даследаванняў ХХ — пачатку ХХI стагоддзя, а гэта — 645 экспанатаў, большасць з якіх можна пабачыць толькі на ілюстрацыях у кнігах.

/i/content/pi/cult/470/9971/14-3.jpg

Фрагменты новай экспазіцыі. / Фота аўтара

Пра знаходкі распавяла загадчык аддзела археалогіі музея Наталля Кізюкевіч:

— На выстаўцы прадстаўлены вынікі даследавання горада, пачынаючы ад сенсацыйных адкрыццяў Язэпа Ядкоўскага і заканчваючы 2012 годам. Тут маюцца прадметы як з фондаў музея, так і іншыя, якія, у прыватнасці, захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы.

На гэтай жа выстаўцы, — працягвае спадарыня Кізюкевіч, — апроч знойдзеных прадметаў, дэманструюцца спробы рэканструкцыі. Напрыклад, мы можам бачыць, як магла выглядаць Замкавая гара ў ХІІ стагоддзі, і ўявіць, што такое сярэднявечны горад, якія там былі дамы, брукаванкі, цэрквы... У Гродне ў ХІІ стагоддзі існавала свая архітэктурная школа, і адзіны яе помнік, што вядомы ўсім, — гэта Каложская царква. Аднак акрамя яе былі яшчэ і іншыя збудаванні. Даследчыкі лічаць, што Ніжняя царква, якая знаходзілася на Замкавай гары, — найстарэйшы з помнікаў ХІІ стагоддзя, і на гэтай выстаўцы мы паказваем увесь той комплекс, які датычыцца Ніжняй царквы: фрагмент маёлікавай падлогі, рэканструкцыя падкупальнай прасторы гэтай падлогі. Дэманструем будаўнічыя матэрыялы — гэта плінфа са знакамі, галаснік; кавалкі звона, які абрынуўся ў час першага разбурэння Ніжняй царквы. На выстаўцы таксама прадстаўлены вядомыя з энцыклапедый пласціны з выявамі святых Паўла, Сімяона, Фядота...

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна