L.B. Народжаны ў Мінску

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

"Вялікі і жахлівы" першы прадзюсар "залатога веку" Галівуда
...Мабыць, меў рацыю Іосіф Бродскі, калі напісаў пра трафейнае кіно так: “...Напэўна, менавіта таму, што ўсе гэтыя “Каралеўскія піраты” і “Зорра” былі бясконца далёкія ад нашай рэчаіснасці, яны паўплывалі на нас зусім процілеглым чынам. Пададзеныя нам як займальныя казкі, яны ўспрымаліся хутчэй як пропаведзь індывідуалізму. Тое, што для нармальнага гледача было касцюмнай драмай з часу бутафорскага Адраджэння, успрымалася намі як гістарычны доказ першаснасці індывідуалізму”. Хаця... Па праўдзе сказаць, і ў нямногіх ранейшых савецкіх фільмах былі падобныя героі тыпу Георгія Саакадзэ, Аляксандра Неўскага, рускага матроса Івана Нікуліна, Чапаева, Катоўскага, якія сімвалізавалі гонар і чалавечую годнасць. Нам таксама хацелася браць з іх прыклад. Але там, у замежных стужках, было штосьці іншае — салодка невядомае, чароўнае і з добрым фіналам, дзе справядлівасць заўсёды перамагала зло…

/i/content/pi/cult/470/9969/15-1.jpg /i/content/pi/cult/470/9969/15-2.jpg

Луіс Маер і Кларк Гейбл у прысутнасці прадзюсараў падпісваюць дамову аб супрацоўніцтве акцёра з "MGM"; Кларк Гейбл і Вівьен Лі ва "Унесеных ветрам".

(Працяг. Пачатак у № 8.)

Канешне ж, цяпер, калі выпадкова пераглядаеш фрагменты некаторых фільмаў таго часу, салодкіх дзіцячых пачуццяў даўно няма, ды і самі карціны выглядаюць наіўнымі. Таму я імкнуся іх не пераглядаць, каб не сапсаваць чыстую настальгічную памяць пра мінулае. Хаця сваім унукам раю паглядзець лепшыя з іх (таго ж “Тарзана”) хаця б праз Інтэрнэт. Дарэчы, назвы многіх трафейных карцін былі ў савецкім пракаце зменены. Напрыклад, “Дыліжанс” ішоў у нас пад назвай “Падарожжа будзе небяспечным”, “Няхай жыве Вілья!” — “Капітан арміі Свабоды”, “Гібралтар” — “Сеткі шпіянажу”, “Пад чырвонай мантыяй” — “Пад кардынальскай мантыяй”, “Адысея капітана Блада” — “Востраў пакут”, “Знак Зорра” — “Таемны знак”, “Я — збеглы катаржнік” — “Уцёкі з катаргі”, “Марскі ястраб” — “Каралеўскія піраты”, “Бурлівыя дваццатыя гады” — “Лёс салдата ў Амерыцы” і г. д.

У гады вайны, дакладней, у 1943-м, Галівуд у асобе Луіса Маера першым паставіў фільм пра шчаслівае жыццё савецкіх людзей пад назвай “Песня пра Расію”. Для стварэння гэтай карціны ён запрасіў рэжысёра Рыгора (Грэгара) Ратава, двух сцэнарыстаў, акцёраў Роберта Тэйлара (памятаеце яго па галоўнай ролі ў фільме “Мост Ватэрлоа” кінакампаніі “MGM”?), эмігранта, артыста і вялікага рэфарматара тэатра Міхаіла Чэхава — на ролю калгасніка Сцяпанава, а таксама эмігранта Уладзіміра Сакалова — на ролю Мешкава. Рыгор Ратаў — таксама з Расіі. Яшчэ ў 1917-м з’ехаў з роднага Пецярбурга ў Германію, потым — у ЗША, дзе стаў вядомым прадзюсарам, рэжысёрам і акцёрам. Гэта вам не жартачкі: ён у 1932 — 1936 гг. устанавіў галівудскі рэкорд — зняў 30 (!) кінафільмаў! Акрамя іншага, менавіта ён адкрыў для сусветнага кіно Інгрыд Бергман. Перажыў ён свайго сябра Луіса Маера на тры гады, і памёр ад лейкеміі ў 1960-м на 63-м годзе жыцця...

У 1957-м я глядзеў карціну “Песня пра Расію” на закрытым праглядзе ў ВГИКу. Шчыра кажучы, яна мне, тады 17-гадоваму студэнту, падалася не вельмі цікавай. Праўда, сама Амерыка выглядала вельмі прывабна, але меладраматычная любоў дырыжора, прыгажуна-амерыканца да рускай піяністкі Надзі Сцяпанавай (актрыса Сьюзан Пітэрс) ніяк не кранула душу. Здзіўлялі оперныя вясковыя калгасніцы ў доўгіх спадніцах, лубочныя хаткі ў стылі XIX стагоддзя, незвычайныя для нашага гледача газавыя ліхтары на вакзале і г.д. Затое добра выглядалі ўманціраваныя ў фільм дакументальныя кадры новай Масквы, яе дамоў, станцый метро, паркаў, стадыёнаў і шчаслівых абліччаў жыхароў савецкай сталіцы — словам, камуністычны рай, які імкнецца растаптаць фашызм. Казалі, што Сталін, калі ён пабачыў стужку яшчэ ў 1944-м, быў задаволены. Хаця тут, зразумела, вялікую ролю адыгрывала палітыка, так бы мовіць, маральная падтрымка з боку ЗША савецкай дзяржавы-саюзніцы, якая вяла практычна ў адзіноце смяротную схватку з нацызмам.

Потым я даведаўся, што пасля вайны Луіс Маер і яго калегі былі прыцягнуты да адказнасці за пастаноўку гэтай, па сутнасці, бяскрыўднай карціны. Ім не маглі дараваць ні “рускіх, якія весела ўсміхаюцца”, ні апошніх слоў фільма: “Мы — салдаты адной арміі. Мы змагаемся за свабоду ўсяго чалавецтва. У гэтай барацьбе яшчэ мацнейшым стане саюз нашых вялікіх дзяржаў”. Былі і іншыя амерыканскія фільмы “апалітычнага” Галівуда ваеннага часу пра Расію: “Паўночная зорка”, “Руская гісторыя”, “Дні славы”, “Місія ў Маскве” (тут У.Сакалоў увасабляў Міхаіла Калініна), але іх я не бачыў...

Дарэчы, Луіс Маер шмат гадоў сябраваў з Міхаілам Чэхавым (пляменнікам А.П. Чэхава), вельмі паважаў яго знакамітую акцёрскую школу, праз якую паспяхова прайшлі такія “зоркі”, як Юл Брынер, Мэрылін Манро, Інгрыд Бергман, Грэгары Пэк, Энтані Куін. За год да смерці Міхаіла Чэхава, у 1954-м, Маер запрасіў акцёра ў карціну “Рапсодыя”, дзе Міхаіл Аляксандравіч здымаўся разам з Элізабэт Тэйлар і Віторыа Гасманам. А што да Уладзіміра Сакалова, то мы памятаем яго па ролі Старога ў фільме 1960 года “Цудоўная сямёрка” Джона Старджэса. Праўда, гэтая карціна да Луіса Маера не мела ніякага дачынення: яе здымала іншая кінастудыя, ды і сам Маер ужо да таго часу памёр.

Словам, усе фільмы, у тым ліку створаныя на кінастудыі Луіса Маера (“Вялікі вальс”, “Газавае святло”, “Мяцежны карабель”, “Паўночная зорка”, “Рамэа і Джульета”, “Мост Ватэрлоа”, “Дама з камеліямі” ды іншыя), якія ішлі на нашых гарадскіх ды вясковых экранах пры перапоўненых залах, моцна дапамаглі савецкай эканоміцы. Аднак, скажу шчыра, у той жа час, і затрымалі рост савецкай кінавытворчасці. У 1949-м, напрыклад, было створана ўсяго 17 новых айчынных кінастужак, але толькі дзве мелі значны поспех у гледачоў: “Канстанцін Заслонаў” і “Сустрэча на Эльбе”. Ну, можа, яшчэ — “Суд гонару”.

...Але вяртаюся да нашага героя. Дачка Маера — Айрын (Ірэна) Маер Сэлзнік так сказала пра тату: “Калі б мяне папрасілі адным словам апісаць бацьку, я б выбрала слова “энергія”… Бацька быў не толькі ўсемагутным — ён быў усёзнаўцам. У мяне ва ўсведамленні ён часам блытаўся з Богам з-за слова “усемагутны”… З татам патрэбна было узгадняць усё — нават колер памады і вышыню абцасаў”. Так, гэтую дачку Маер вельмі любіў, але калі яна супраць волі бацькі выйшла замуж за прадзюсара кінакампаніі-канкурэнта Дэвіда Сэлзніка, прыйшоў у абурэнне, сказаўшы, што калі-небудзь муж яе кіне. Праўда, хутка бацька і дачка памірыліся, але ягонае прароцтва ўсё ж збылося: праз дзевяць гадоў Дэвід пакінуў Айрын дзеля маладой актрысы Джэніфер Джонс. Сам жа Маер шмат гадоў быў клапатлівым мужам і цудоўным сем’янінам. Праблемы пачаліся толькі тады, калі Маргарэт захварэла, і ўрачы забаранілі ёй мець блізкія адносіны з мужам. Але і тады ён доўгі час не здраджваў жонцы, хаця вакол яго лісліва круціліся дзясяткі маладых і чароўных актрыс. У рэшце рэшт, ён развёўся з Маргарэт і зноў ажаніўся: з жанчынай сярэдніх гадоў — Ларэнай Лэйсан, якая мела дзіця ад першага шлюбу, і шчасліва пражыў з ёй да канца свайго жыцця.

Энергетыка, мэтанакіраванасць, жаданне любымі сродкамі дамагчыся выніку, — вось што было з дзяцінства закладзена ў генах Луіса Маера ад бацькоў. Як бы ні ставіліся да яго гісторыкі кіно, гэтай асобай і дзелавым чалавекам нельга не захапляцца. Свой Алімп ён збудаваў сабе ўласнымі прыроднай кемлівасцю, фантастычнай інтуіцыяй, амбіцыямі і фенаменальнай працаздольнасцю. Канешне, што хаваць, галоўным для яго быў кінабізнес, камерцыйны поспех. А на чым ён заснаваны? На добрых грошах з кінатэатраў. Значыць, і фільмы павінны быць такімі ж класнымі ды прывабнымі, каб на іх ішлі людзі. Падкрэслю, што канкурэнцыя паміж кінакампаніямі Галівуда была заўсёды жорсткая. І кінамагнат Луіс Маер ва ўсіх складаных перыпетыях, нават у гады амерыканскай “Вялікай дэпрэсіі”, у час сусветнага эканамічнага крызісу канца 1920-х — пачатку 1930-х гадоў, як кажуць, выходзіў “сухім з вады”. Для гэтага, канешне ж, даводзілася ісці і на жорсткія канфлікты з рэжысёрамі, сцэнарыстамі ды акцёрамі.

Але ягоная кампанія “MGM” працягвала дастойна “трымаць нос па ветры”, выпускаючы якасныя фільмы: “Алілуя!”, “Амерыканская трагедыя”, “Ах, глуш!”, “Вясёлая ўдава”, “Сямейная справа”, “Робін Гуд з Эльдарада” ды іншыя. Калі пад прадзюсарствам Дэвіда Сэлзніка, зяця Маера, пачалася падрыхтоўка фільма “Унесеныя ветрам”, Луіс Маер запрасіў на галоўную ролю Кларка Гейбла. А той стаў круціць носам і па-піжонску адмаўляцца. Тады Маер сказаў: “Ну што ж, хочаш стаць жабраком — калі ласка”. І — пайшоў. Гейбл імгненна змяніў рашэнне і, дагнаўшы прадзюсара, пагадзіўся ісці на здымачную пляцоўку.

А тая стужка стала “зорным часам” для Гейбла, Вівьен Лі, Лэслі Говарда, Мэлані Гамільтан ды іншых акцёраў і трох рэжысёраў на чале з Віктарам Флемінгам. Таксама, як і фільм “Мост Ватэрлоа” — і зноў жа, для Вівьен Лі і для старога сябра Маера — Роберта Тэйлара. Класічная меладрама “Унесеныя ветрам”, створаная пад крылом Маера, — унікальная з’ява ў гісторыі Галівуда: дзесяць “Оскараў” і да 1943 года — больш за 32 мільёны долараў збору (пры бюджэце 4 мільёны долараў разам з рэкламай), а потым сума павялічылася да 76,7 мільёна, што ў пераліку на сённяшні дзень — 863,3 мільёна.

А за два гады да пачатку здымак гэтай меладрамы галівудскі прадзюсар Ірвінг Грант Тальберг, блізкі сябра і калега Маера, сказаў Луісу наконт прачытанага сцэнарыя “Унесеных ветрам”: “Забудзь яго, Луіс. Ні адзін фільм пра Грамадзянскую вайну паміж Поўначчу і Поўднем ніколі не прынясе нават пяціцэнтавіка”. Прычым Тальберга называлі “вундэркіндам Галівуда” за здольнасць дакладна распазнаваць удалыя сцэнарыі і зоркавы патэнцыял акцёраў. А тут вось гэтая памылачка!

І яшчэ такі факт пра кінадзейнасць Маера. Калі тая або іншая “зорка” спрабавала вырвацца з “райскага саду” MGM ды перайсці на іншую кінастудыю, Маер ціхім голасам намякаў, што нідзе больш у Галівудзе яна, “зорка”, працу не знойдзе. Наогул, Маер не цярпеў няўважлівага стаўлення да студыйных парадкаў і да сябе асабіста, а з парушальнікамі быў бязлітасны...

Працяг гісторыі ўраджэнца Мінска Луіса Маера чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"