Тут пахаваны падмурак дома…

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Артыкулы Ільі Свірына ў “Культуры” я заўсёды чытаю з вялікай цікавасцю. У №8/2014 ён піша аб скульптуры “Дарога ў будучыню” ў мінскім парку Перамогі і мемарыяльным знаку на месцы дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Пераважна крытычныя водгукі на з’яўленне гэтых твораў аўтар схільны тлумачыць “непрызвычаенасцю публікі да рваных ліній і паржаўленага металу”. Такое тлумачэнне падаецца мне вельмі спрошчаным, бо па-за ўвагай засталіся вельмі прынцыповыя праблемы.

/i/content/pi/cult/470/9968/5-11.jpg

Скульптурная кампазіцыя на месцы дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. / Фота Юрыя ІВАНОВА

Па-першае — гэта суадносіны твора і яго атачэння. Адна справа — твор, які разлічаны на часовую дэманстрацыю на выстаўках, і зусім іншая — калі ён прызначаны для доўгатэрміновага існавання ў канкрэтным архітэктурна-ландшафтным асяроддзі, калі бясспрэчны поспех немагчымы без уліку асаблівасцей канкрэтнага атачэння. Такога стаўлення не было ні ў першым, ні ў другім выпадку, пра якія ідзе размова. Таму абодва творы не зрабіліся арганічнай часткай прасторы, у якой яны размешчаны. Яны выглядаюць несумаштабна і не на сваім месцы. Напрыклад, “Дарога ў будучыню” сама па сабе — кампазіцыя выразная, і яны вельмі эфектна глядзелася б ва ўрбаністычным асяроддзі, на фоне сучаснах пабудоў.

Па-другое — гэта праблема несупадзення прадэклараваных аўтарамі твораў намераў і сэнсаў з уражаннямі гледачоў, з непажаданымі асацыяцыямі. Сама форма твора “Дарога ў будучыню”, на фоне свайго архітэктурнага і прыроднага атачэння, падказвае ўбачыць у ім стройны абеліск, што стаў ахвярай жорсткай стыхіі. Мемарыяльны знак на месцы дома Максіма Багдановіча, грувасткі і казённы па духу, выклікае адначасова асацыяцыі і з аўтобусным прыпынкам, і з дошкай гонару, і з надмагільным помнікам. А вось ніякіх асацыяцый з творчасцю нашага Вялікага Паэта, з часамі яго жыцця тут не ўзнікае, на вялікі жаль.

Залічанасць у шэрагі contemporary art не павінна стаць індульгенцыяй на ігнараванне гармоніі асяроддзя — вялікай культурнай каштоўнасці.

Ігар БАЙЦОЎ, архітэктар

Мінск