Сага пра вясковае жыццё

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

У Нацыянальным гістарычным музеі працуе юбілейная выстаўка жывапісных твораў Аляксея Панцюка-Жукоўскага пад назвай “Мелодыя стагоддзяў”. Менавіта такім падарункам удзячным гледачам вядомы мастак адзначыў сваё 60-годдзе.

/i/content/pi/cult/470/9966/8-8.jpg

А.Панцюк-Жукоўскі. "Мелодыя стагоддзяў".

/i/content/pi/cult/470/9966/8-7.jpg

А.Панцюк-Жукоўскі. "За пражай".

Вось што кажа пра сваю выстаўку сам аўтар: “Гэтая выстаўка — мае пачуцці, мае разважанні, маё стаўленне як мастака да свайго народа, да сваёй краіны, да сваіх бацькоў, да таго месца, дзе я нарадзіўся і вырас… Мне падабаюцца розныя кірункі і формы станковага жывапісу, але ж я выбраў у творчасці свой, рэалістычны, кірунак, таму што лічу: рэалістычнае мастацтва — гэта гісторыя, адлюстраваная ў мастацкіх вобразах, наша мінулае і дзень сённяшні. Дзякуючы такому мастацтву глядач не толькі любуецца каларыстычным, пластычным строем таго або іншага твора, а можа перанесціся ў час мінулы з яго героямі і ўзірацца ў сучаснасць, у тыя, часам блізкія, знаёмыя сэрцу родныя вобразы, створаныя аўтарам. Ды як яшчэ можна напісаць блізкага, дарагога табе чалавека, маці, тваю каханую або гістарычную асобу, выказаць свае думкі, разважанні на пэўную тэму больш выразна, больш праўдападобна, як не рэалістычнымі сродкамі? На сваёй выстаўцы я сабраў работы за розныя гады маёй творчасці…”

І сапраўды, у экспазіцыі прадстаўлена звыш 60 жывапісных твораў, пачынаючы ад часу студэнцтва аўтара (“Нацюрморт зямлі”, “За пражай”, “Вясковы нацюрморт”) і заканчваючы работамі апошніх гадоў (“Восень”, “Мелодыя стагоддзяў”, “Зімовы вечар”). Прычым трэць — новыя палотны, якія раней не дэманстраваліся. Адразу скажу: экспазіцыя, з майго пункта гледжання, не зусім роўная. Некаторыя фігуратыўныя палотны, дзе пераважае розум, штучная, мала апраўдная алегорыя ці метафара, так бы мовіць, выпадаюць са звыклага стылістычнага і псіхалагічнага “фармату” творчасці мастака, і таму не вельмі пераканаўчыя, асабліва ў параўнанні з удалымі работамі на вясковую тэму, душэўна і духоўна блізкую жывапісцу. Ды і сам мастак кажа: “Выхаваны вёскай (ён нарадзіўся ў Бабунічах Петрыкаўскага раёна, што на Гомельшчыне. — Б.К.), увабраўшы ў сябе яе звычаі, яе культурнае асяроддзе, я не магу ад яго адмовіцца, і ад адной работы да другой зноў ізноў вяртаюся да тэмы малой радзімы...”. Вось тут ён мае рацыю. І таму ў такіх палотнах, як “Ля матчынага парога”, “Мой родны кут”, “У мроях дзяцінства”, “Мелодыя стагоддзяў”, “Бабіна лета. Бульба”, “Ля бабульчынага куфра”, “Пад мірным небам” аўтар з найбольшай адкрытасцю і выразнасцю, эмацыйнасцю і душэўнасцю выяўляе сваё стаўленне да свету, свой строй этычных ды эстэтычных поглядаў. Такая ж канцэпцыя — і ў вясковых нацюрмортах, гранічна адшліфаваных, адточаных, любоўна намаляваных. Некаторыя з іх па сваім вобразным ладзе і прафесійным майстэрстве не саступаюць фігуратыўным палотнам (“Накцюрн”, “Нацюрморт з бульбай і рабінавым напоем”, “Успамін”, “Вясковы нацюрморт”). Сагрэтыя сардэчнай цеплынёй мастака, яны звяртаюцца да чалавека і дапаўняюць створаную пра яго сагу. Іх цяжка назваць “мёртвай прыродай”: у нацюрмортах жывапісца яўнае адчуванне натхнёнасцю рэчамі, іх складаным самастойным жыццём. Наогул, у лепшых палотнах, як правіла, няма вонкавых эфектаў — мастак не гоніцца за нязвыклымі сюжэтамі ды сітуацыямі: усё ў яго прыкмечана і вывучана ў жыцці, усё адлюстравана вельмі дакладна. Але верагоднасць у творы рэдка пераходзіць у праславутую жанравасць. Не назіранне за жыццём, але спасціжэнне яго — вось што ён лічыць сваёй задачай.

Маляваць для Аляксея Панцюка-Жукоўскага — гэта пранікаць у глыбінны, часам патаемны, сэнс рэчаў і з’яў, у іх сутнасць. Маляваць — гэта думаць над тым, як агульныя з’явы суадносяцца з адзінай жыццёвай плынню. Вось менавіта пра гэта і можна казаць. Гэта значыць — пра тое, што ўсё ж лепшыя вынікі ў кожнага творцы атрымліваюцца там, дзе лёс прызначыў яму сваё, толькі яму ўласцівае, мастакоўскае месца…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"