Ёсць кантакты, ёсць і грані...

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Стрыжнем “Тыдня сучаснай беларускай драматургіі”, што прайшоў на сцэне РТБД, стаў праект Цэнтра беларускай драматургіі “АмБІвалентнасць”. “Бі” азначала дзве п’есы, напісаныя за два апошнія гады двума рознымі аўтарамі, якія выступілі ў дзвюх ролях — драматурга і рэжысёра, а таксама “дзве прасторы існавання ў кожнай п’есе: беларускамоўнасць і рускамоўнасць, рэальны і віртуальны свет”.

/i/content/pi/cult/470/9964/9-1.jpg

Сцэна з чыткі п'есы "Бі-Лінгвы". / Фота Цэнтра беларускай драматургіі

Адкрываўся “Тыдзень...” п’есай “Бі-Лінгвы” Андрэя Саўчанкі, якая ўжо прэзентавалася на пачатку снежня, але іншым рэжысёрам. А п’еса “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова, што роўна праз тыдзень завяршала праект, нават паспела пабачыць святло рампы — у Латвіі. У Расіі яна мела чытку на фестывалі “Любімаўка”, была надрукавана (праўда, без прысутнай у ёй ненарматыўнай лексікі, якую замянілі маладзёжным слэнгам). Але паказ гэтых двух твораў у якасці своеасаблівай аркі “Тыдня...” даказаў, што праславутыя панядзелкі не абавязкова бываюць “цяжкімі”. Сур’ёзны драматургічны матэрыял, прысвечаны вельмі важным пытанням — нацыянальнай свядомасці і паразуменню “бацькоў і дзяцей”, — глядзеўся-слухаўся на адным дыханні. П’есы пры гэтым былі абсалютна розныя. У А.Саўчанкі — набліжаная да “дакументальнага тэатра”, у А.Іванова — амаль дэтэктыўная гісторыя, блізкая людзям розных густаў, дзе элементы “дакументальнасці” і тэхнікі verbatim дадзены хіба ў віртуальнай перапісцы герояў. Разам з тым, абодва творы яднала тое, што іх можна ставіць як папраўдзе сямейныя спектаклі — для падлеткаў з бацькамі.

Публіка, пераважна маладзёжная, сабралася самая зацікаўленая. І хаця арганізатары хваляваліся, як паставіцца аўдыторыя ўжо да таго, што на гэтыя чыткі прадаваліся білеты, бы на астатнія спектаклі, зала аказалася амаль цалкам запоўненай. Большасць засталася і на грамадскае абмеркаванне, якое ладзілася пасля паказу. Акрамя ўласна мастацкай, праект меў і ярка выяўленую асветніцкую скіраванасць. У фае дэманстраваліся відэаролікі пра маладых беларускіх драматургаў, імёны многіх з якіх — невядомыя публіцы. Можна было і прыхапіць з сабой раздрукоўкі з фрагментамі некаторых п’ес (і тых, што ўключаны ў праект, і многіх іншых) са спасылкамі на поўны тэкст твораў і сціслымі сведчаннямі пра іх аўтараў.

У тым, што публічнае знаёмства з новай драматургіяй можа адбывацца не толькі праз завершаны спектакль, але і праз чыткі ды разнастайныя напаўсцэнічныя пастаноўкі, мы пераканаліся ўжо даўно. Цэнтр беларускай драматургіі ладзіць падобныя паказы больш-менш рэгулярна. Цікава было пазнаёміцца і з аўтарскім пунктам гледжання на свае п’есы, як гэта адбылося зараз. Ды ўсё ж такі аўтарскі погляд у чарговы раз пераканаў: чым больш рэжысёраў будзе звяртацца да таго або іншага твора, тым больш будзе знойдзена чагосьці новага, часам нечаканага, усё ў тым жа самым тэксце. Асабліва відавочна гэта стала пры абмеркаванні п’есы “Гэта ўсё яна”. Падалося, што аўтар бачыць толькі адну магчымую грань свайго твора, а той насамрэч куды больш багаты. Маці і Сын маюць усе магчымасці для прымірэння, яны папраўдзе блізкія людзі і блізкія адно аднаму па сваіх светапоглядах, якія часам хаваюць у звычайным жыцці і раскрываюць хіба ў віртуальных зносінах — у сацыяльных сетках, так бы мовіць — “у кантакце”, ва ўсіх сэнсах слова...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"