Крэатыў + гусь =...

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

22 лютага ў аграгарадку “Белая Дуброва” адбыўся кірмаш “Гусінае свята”, які праводзіцца толькі на Касцюковіччыне.

/i/content/pi/cult/469/9955/2-1.jpg

/i/content/pi/cult/469/9955/2-2.jpg

/i/content/pi/cult/469/9955/2-3.jpg

/i/content/pi/cult/469/9955/2-4.jpg

/i/content/pi/cult/469/9955/2-5.jpg

/i/content/pi/cult/469/9955/2-6.jpg

/i/content/pi/cult/469/9955/2-7.jpg

Свята ўключала гульні, конкурсы, абрадавыя, тэатралізаваныя дзеянні, выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці раёна. Працавала выстаўка-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гарачай юшкай частавалі працаўнікі СВК “Белая Дуброва”. Пякліся румяныя бліны, смажыўся шашлык, праводзіўся бойкі гандаль смачнай выпечкай. Гасцінныя гаспадыні “Сялянскай хаты” накрылі багаты стол, на якім былі прадстаўлены стравы беларускай кухні.

Але галоўнымі персанажамі “Гусінага свята” былі ўсё ж гусі. Укормленыя і крыклівыя гусакі і сціплыя гусыні сталі аб’ектамі ўсеагульнай увагі. Беладуброўскія артысты разыгралі сцэнку-конкурс пад назвай “Чый гусь лепшы?”. Перыядычна ў гаспадарчую спрэчку наконт гусінай перавагі ўмешваліся гучным гогатам самі аб’екты спрэчкі. Гэткі гусіны экспромт выклікаў смех. Шмат гледачоў сабраў конкурс “Гусіныя забегі”, у якім галоўныя героі свята паказалі сябе марафонцамі і зарабілі для гаспадынь прызы і сувеніры. Таксама адбылося галоўнае абрадавае дзейства свята “Дзяльба гуся”. А быў яшчэ аўкцыён “Купі гуся”.

Фінальнай і відовішчнай дзеяй стала “Кола шчасця”. Актыўныя ўдзельнікі ўзялі ў рукі рознакаляровыя стужкі і ўтварылі вакол “Кола шчасця” вялікі карагод.

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна

Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ