Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ: “Метадычная вертыкаль” як фактар поспеху"

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Культурнае жыццё Мінскай вобласці ў 2007 годзе было насычана значнымі падзеямі. Адна з іх — 70-годдзе вобласці, урачыстае святкаванне якога адбылося 18 студзеня ў Канцэртнай зале “Мінск”.

 /i/content/pi/cult/146/995/Vajcyahouskaja1.jpg

Больш за 800 удзельнікаў з 30 вядучых разнажанравых калектываў, асобныя выканаўцы, народныя майстры прынялі ўдзел у юбілейным канцэрце “Міншчына, ты сэрца Беларусі”. Гэта быў сапраўдны экзамен на творчую сталасць аматарскіх калектываў і прафесійнае майстэрства работнікаў культуры.
Усебаковая падтрымка і метадычнае забеспячэнне развіцця 3248 разнажанравых калектываў дзяржаўных клубных устаноў і звыш 35 тысяч іх удзельнікаў па-ранейшаму заставаліся аднымі з галоўных задач спецыялістаў Абласнога цэнтра народнай творчасці.
У 2007 годзе было падрыхтавана 6 рэпертуарных зборнікаў і метадычных рэкамендацый для работы з аматарскімі калектывамі.
Дзякуючы рэалізацыі праграмы “Асноўныя накірункі развіцця культуры і мастацтва Мінскай вобласці на 2006 — 2010 гг.” ствараліся спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця народнага мастацтва. Асаблівая ўвага засяроджвалася на падрыхтоўцы калектываў да прысваення ганаровых найменняў “народны” і “ўзорны”, якіх сёння ў вобласці 464, у тым ліку заслужаных аматарскіх калектываў — 7. Па выніках гастрольна-канцэртнай дзейнасці калектываў аматарскай творчасці вобласці за 2007 год пазабюджэтны рахунак папоўніўся на 1 млрд. 338 млн. руб. Удасканальванню іх работы, павышэнню ролі ў арганізацыі вольнага часу насельніцтва Міншчыны была прысвечана пашыраная калегія ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама з удзелам начальнікаў аддзелаў культуры райвыканкамаў і дырэктараў раённых метадычных службаў. У яе пастанове закладзены канкрэтныя арганізацыйна-метадычныя мерапрыемствы па вырашэнні вызначаных праблем, у тым ліку і ўдасканальванне парадку прысваення ганаровых найменняў.
У сувязі з гэтым павышаецца і роля абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”, які з 2000 года з’яўляецца галоўным фестывалем вобласці. Па выніках фестывалю 2007 года Гран-пры — аўтамабіль “Газель” — атрымаў узорны фальклорны калектыў “Вянок” Ракаўскага СДК Валожынскага раёна.
Сапраўднай школай прафесійнага майстэрства і прапаганды разнажанравых аматарскіх калектываў сталі праведзеныя ў 2007 годзе традыцыйныя абласныя фестывалі. Правядзенне кожнага з іх было забяспечана, як заўсёды, яркай і змястоўнай інфармацыйна-рэкламнай прадукцыяй. Яе тыраж дазваляе забяспечыць друкаванай прадукцыяй як раённыя метадычныя службы, так і калектывы-ўдзельнікі. У мінулым годзе рэкламна-метадычную падтрымку атрымалі фестывалі: духавой музыкі “Майскі вальс”, эстраднай песні “Вясеннія рытмы”, VII абласны фестываль нацыянальных культур, а таксама дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак” і харавога мастацтва “Спеўнае Поле”, якія былі прысвечаны 125-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа. Мы ганарымся нашымі славутымі землякамі і тым, што ў Вязынцы Маладзечанскага раёна і на Стаўбцоўшчыне зноў адбыліся рэспубліканскія юбілейныя святы ў іх гонар.
Свой уклад у арганізацыю вольнага часу розных катэгорый насельніцтва ўносяць і 844 аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах, у якіх займаецца 14,6 тысяч удзельнікаў. 33 з іх носяць найменні “народны” і “ўзорны”. Абласны цэнтр разам з метадычнымі службамі рэгіёнаў штогод абагульняе лепшы вопыт іх работы.
Сфарміраваная вертыкаль метадычных службаў на чале з АЦНТ дазволіла праводзіць далейшую аптымізацыю дзеючай сеткі клубных устаноў з распрацоўкай новай тыпалогіі, яе практычнай апрабацыі і ўкаранення.
Па выніках года ў зоне ўплыву метадычных службаў вобласці 692 — клубныя ўстановы (на сяле — 642), з іх 120 — новага тыпу, у тым ліку сельскіх — 96.
У 2007 годзе былі працягнуты практычныя заняткі з метадыстамі РАМЦА ў па рабоце з галіновай інфармацыйнай сістэмай “Рэгістр устаноў культуры” (РУК). На сённяшні дзень поўнасцю адноўлена абласная галіновая база даных РУК, у якую ўведзена 100% устаноў культуры вобласці і забяспечана адаптацыя дадзенай праграмы ва ўсіх рэгіёнах. Поўнасцю завершана работа па падключэнні да аўтаматызаванай сістэмы перадачы даных (электронная пошта) усіх раёнаў вобласці (аддзелы культуры). Работа з названымі аўтаматызаванымі сістэмамі ўжо сёння дала магчымасць скараціць тэрміны і павысіць якасць аналітычнай работы, зменшыць папераабарачэнне, карыстацца абноўленай базай даных. З 2008 года плануецца далучэнне да гэтай сістэмы ўсіх вядучых устаноў культуры.
У рамках рэалізацыі задач Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла быў распрацаваны новы праект 2006 — 2007 гг. — абласны фестываль вясковай культуры “Жыве мая вёска”. Падчас правядзення заключных мерапрыемстваў фестывалю з’ехаліся творчыя дэлегацыі з 22 рэгіёнаў.
Сярод іх былі дырэктары 55 лепшых сельскіх клубных устаноў — пераможцаў раённых фестываляў вясковай культуры.
У мінулым годзе работнікі культуры плённа працавалі над рэалізацыяй абласной і рэгіянальных праграм “Моладзь Мінскай вобласці” на 2006 — 2010 гг. Вынікі гэтай работы таксама былі заслуханы на калегіі ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама, якая адзначыла, што апошнім часам вялікая ўвага надаецца рабоце па патрыятычным выхаванні моладзі, а разам з традыцыйнымі формамі з’явіліся і новыя маладзёжныя праекты.
Былі абмеркаваны і пытанні рэалізацыі чарговай абласной праграмы “Дыскатэка” на 2006 — 2008 гг., распрацаванай АЦНТ. Сёння ёсць пэўны грунт работы дыскатэк і танцавальных вечароў, якія праводзяцца ў 640 дзяржаўных клубных установах. За 2007 год платныя паслугі ад дыскатэк склалі 2 млрд. 564 млн. рублёў.
На працягу 2006 — 2007 гг. была праведзена рэканструкцыя і рамонт 106 дыскатэчных клубных памяшканняў (у тым ліку 74 — у клубных установах аграгарадкоў). На набыццё сучаснай дыскатэчнай апаратуры было выдаткавана 655,5 млн. рублёў. У 2008 годзе плануецца адрамантаваць 60 клубных танцавальных памяшканняў і набыць апаратуру для правядзення 65 дыскатэк.
Павышэнню творчага ўзроўню вядучых дыскатэчных праграм садзейнічае абласная школа дзі-джэяў, якая дзейнічае на базе Мінскага АЦНТ з 2003 года.
У дапамогу арганізатарам дыскатэк АЦНТ за два гады было падрыхтавана 7 сцэнарна-метадычных зборнікаў. Запланавана правядзенне II абласнога конкурсу дзі-джэяў “Дыскатэчны рух-2008”, а таксама абласнога этапа агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю дыскатэчных маладзёжных мерапрыемстваў у клубных установах, пераможцы якога стануць удзельнікамі рэспубліканскага агляду-конкурсу.
На працягу года былі праведзены абласныя семінары-практыкумы для дырэктараў раённых метадычных службаў: “Сумесная дзейнасць устаноў культуры і спорту Маладзечанскага раёна па прапагандзе здаровага ладу жыцця” і “Культура і моладзь” на базе ўстаноў культуры Бярэзінскага раёна.
У 2008 годзе, абвешчаным Годам здароўя, клубныя ўстановы будуць удзельнічаць у абласной прафілактычнай акцыі “Быць здаровым — здорава!”.
Разам з сучаснымі формамі работы клубныя ўстановы Міншчыны ў справаздачным годзе працягвалі мэтанакіраваную работу па адраджэнні і захаванні народнага мастацтва. Мінскім абласным цэнтрам 2007 год быў вызначаны Годам ткацтва. У рамках абласнога фестывалю
“Шляхамі традыцый ткацтва” клубнымі ўстановамі праведзены шэраг семінараў, конкурсаў, выставак, сустрэч з майстрамі ткацтва. Вынікі фестывалю падводзіліся на абласной выстаўцы “Традыцыйнае ткацтва Міншчыны” з удзелам каля 200 народных майстроў. Падчас выстаўкі адбылася абласная навукова-практычная канферэнцыя “Ткацтва Міншчыны. Гісторыя і сучаснасць”.
Новым праектам 2007 года стала першае абласное свята-конкурс “Беларуская лялька” на базе Слуцкага раёна з удзелам больш за 70 майстроў.
З 2008 года пачынаецца падрыхтоўка новага творчага праекта — фестывалю беларускага пояса. У 2007 годзе выдадзена 5 метадычных зборнікаў, абагульнены лепшы вопыт работы 7 раёнаў па розных накірунках традыцыйнай культуры.
Павышэнню прафесійнага ўзроўню клубных работнікаў і спецыялістаў метадычных цэнтраў садзейнічалі 29 абласных семінараў-практыкумаў, творчых лабараторый, майстар-класаў па розных накірунках народнай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці.
З 2003 года штогод ажыццяўляецца выпуск інфармацыйнага часопіса “Клуб і творчасць. Міншчына”.
Прыемна адзначыць, што ў 2007 годзе адбыліся абменныя семінары-практыкумы паміж работнікамі культуры Мінскай і Брэсцкай абласцей, у выніку чаго былі наладжаны добрыя сяброўскія і творчыя адносіны. За гонар лічым удзел народных майстроў, асобных выканаўцаў — прадстаўнікоў Мінскай вобласці — у складзе культурнай дэлегацыі падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Венесуэлу.
У 2008 годзе асаблівая ўвага будзе нададзена ўдасканаленню дзейнасці ўстаноў культуры, размешчаных у 133 аграгарадках, з мэтай павышэння іх ролі ў сацыяльна-культурным жыцці вёскі. Практычная і метадычная дапамога будзе аказана і ў рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых гарадоў і гарадскіх пасёлкаў.
Акрамя таго, на сённяшняй выніковай калегіі Міністэрства культуры хачу звярнуць увагу на наступныя пытанні. Па-першае, аб рэарганізацыі Інстытута праблем культуры ў Рэспубліканскі метадычны цэнтр народнай творчасці (па прыкладзе раней дзеючага, які павінен узначаліць дзеючую вертыкаль абласных, рэгіянальных метадычных службаў, а таксама аднавіць на яго базе дзейнасць Савета дырэктараў метадычных службаў Беларусі і Расіі з мэтай абмену вопытам, сучаснымі тэхналогіямі і методыкамі ў дзейнасці ўстаноў культуры. Стварэнне рэспубліканскай метадычнай службы можа паспрыяць і выданню нашага прафесійнага часопіса.
Паважаныя калегі! Хочацца спадзявацца, што ў 2008 годзе наша сумесная праца будзе спрыяць замацаванню закладзеных традыцый, унясенню інавацый у далейшае развіццё сферы культуры краіны.

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
дырэктар ДУ “Мінскі абласны цэнтр
народнай творчасці”