ВАШЧАНКА Гаўрыла Харытонавіч

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Беларускае мастацтва панесла цяжкую страту.
14 лютага 2014 г. на 86-м годзе жыцця перестала біцца сэрца народнага мастака Беларусі ВАШЧАНКІ Гаўрылы Харытонавіча.

/i/content/pi/cult/468/9933/2-15.jpg

Фота Юрыя ІВАНОВА

Вашчанка Г.Х. пражыў доўгае, насычанае яркімі падзеямі жыццё. Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1955). Выкладаў у Кішынёўскім мастацкім вучылішчы (1955 — 1960), Беларускай акадэміі мастацтваў (1961 — 1999).

Выбітны мастак сучаснасці, прафесар Г.Х. Вашчанка ўнёс вялікі ўклад у падрыхтоўку і выхаванне творчай моладзі, падрыхтаваў больш за 200 спецыялістаў, многія з якіх сталі вядомымі мастакамі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Творы мастака экспанаваліся на ўсіх кантынентах свету, шырока вядомыя ў Беларусі і Расіі, знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў, Міністэрства культуры Расіі і іншых. Манументальныя роспісы і вітражы майстра сталі хрэстаматыйнымі, часткай нашай эпохі.

У 2002 годзе была адкрыта “Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі” ў Гомелі, для заснавання якой мастак перадаў гораду ў падарунак семдзесят уласных жывапісных палотнаў, акварэлей і эскізаў манументальных работ.

Жыццёвы шлях Г.Х. Вашчанкі — прыклад адданага, сумленнага служэння справе развіцця і прапаганды нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Добрая памяць аб яскравым, шчодрым таленце Вашчанкі Гаўрылы Харытонавіча назаўсёды застанецца ў сэрцах родных, блізкіх, калег, сяброў.

Тозік А.А., Святлоў Б.У., Сітніца Р.С., Тоўсцік У.А., Баразна М.Р., Пракапцоў У.І., Бараноўскі А.В., Герлаван Б.Ф., Грамыка В.А., Гумілеўскі Л.М., Данцыг М.В., Міско І.Я., Паплаўскі Г.Г., Шаранговіч В.П., Шчамялёў Л.Д., Зінкевіч У.Л.